выбраць, ‑беру, ‑бераш, ‑бера; зак.
1. што. Беручы адно за адным, дастаць, выняць усё да апошняга; зрасходаваць. Выбраць ваду са студні. Выбраць сала з кубла. Выбраць ліміты. ▪ На балоце калісьці капалі торф, і, дзе яго выбралі, стаяла вада. Чорны. // Сабраць ураджай бульбы, агуркоў і пад. Выбраць бульбу ў полі. ▪ Восень дажджлівая прыйдзе Яблыкі ў садзе атрэсці, Выбраць цыбулю ў гародзе. Танк.
2. каго-што. Параўноўваючы наяўнае, аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. Выбраць спадарожніка. Выбраць месца для начлегу. Выбраць занятак па душы. ▪ Затое ж дзядзька хват і дока, Набіў на косах сваё вока, І калі выбера ён коску — Не пара іншаму падоску. Колас.
3. што. Адабраць што‑н. па якой‑н. прыкмеце. Выбраць дзесятак спелых яблык. ▪ [Люба:] — Вось намалоцім новага жыта ў цапы, выберам саломы, тады на лета і [страху] перакрыем. Васілевіч.
4. каго. Абраць галасаваннем для выканання якіх‑н. абавязкаў. Выбраць прэзідыум сходу. ▪ Позна ноччу новы прафком выбраў сваім старшынёй Грушэўскага. Карпюк.
5. што. Разм. Знайсці неабходны час для ажыццяўлення чаго‑н.; выкраіць. Выбраць зручны момант. ▪ І ўспомніў.. [Сцёпка] свайго настаўніка. Выбраў вольную часіну і пайшоў у школу. Колас.
6. Спец. Зняць, састругаць рубанкам ці якім‑н. іншым інструментам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)