выбра́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. выбраць (у 4 знач.).
выбра́ннік, ‑а, м.
Высок. Той, хто выбраны для выканання высокіх, адказных абавязкаў. Выбраннікі народа. // Той, хто выбраны ў якасці мужа, каханага.
выбра́нніца, ‑ы, ж.
Высок. Жан. да выбраннік.
вы́браны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад выбраць.
2. у знач. прым. Адабраны да выдання. Выбраныя творы.
3. у знач. наз. вы́браныя, ‑ых. Людзі, якія вылучаюцца сярод іншых грамадскім становішчам, розумам, талентам. Сама Зока намякала на нешта большае, на тайны, якія могуць ведаць толькі выбраныя. Асіпенка.
вы́брахаць, ‑брашу, ‑брэшаш, ‑браша; зак., што.
Разм. груб. Выбалбатаць. Выбрахаць сакрэты.
вы́брацца, ‑беруся, ‑берашся, ‑берацца; зак.
1. Пераадольваючы або абмінаючы перашкоды, выйсці, выехаць, вылезці адкуль‑н.; прабіцца цераз што‑н. Выбрацца з натоўпу. Выбрацца з-пад абломкаў. □ Партызаны цяпер пачалі адыходзіць у лес. Там, не даходзячы да вёскі, можна было выбрацца балотнымі зараснікамі на ўзгоркаватае поле. Чорны. Аўтобус прапоўз міма [дамоў], выбраўся з загару машын, паімчаў хутчэй. Асіпенка.
2. перан. Разм. Выйсці з цяжкага становішча. Выбрацца з бяды. Выбрацца з даўгоў. □ [Мясцком].. дапамагаў сялянству выбрацца з векавечнай цемры, распачаць новае, прыгожае жыццё. Шынклер.
3. Выселіцца, пераехаць з дамашнім скарбам у другое памяшканне, месца; перабрацца. Выбрацца на другую кватэру. □ Хто-ніхто выбраўся па хутар і цяпер сяліба пуставала. Галавач. Жыхароў у мястэчку амаль не было, Яны выбраліся ў шалашы. Навуменка.
4. Падрыхтавацца да выезду, пераходу; сабрацца. Выбрацца ў далёкую дарогу. □ Пасля поўдня Уладзік з дзядзькам Антосем выбраліся ехаць у лес. Чорны.
5. Разм. Знайсці магчымасць, час пайсці, паехаць куды‑н. Выбрацца ў кіно. □ Куды, старая, выбралася з дому? Праведаць сына? Ці паклікаў зяць? Гілевіч.
•••
Выбрацца сухім з вады — тое, што і выйсці сухім з вады (гл. выйсці).
вы́браць, ‑беру, ‑бераш, ‑бера; зак.
1. што. Беручы адно за адным, дастаць, выняць усё да апошняга; зрасходаваць. Выбраць ваду са студні. Выбраць сала з кубла. Выбраць ліміты. □ На балоце калісьці капалі торф, і, дзе яго выбралі, стаяла вада. Чорны. // Сабраць ураджай бульбы, агуркоў і пад. Выбраць бульбу ў полі. □ Восень дажджлівая прыйдзе Яблыкі ў садзе атрэсці, Выбраць цыбулю ў гародзе. Танк.
2. каго-што. Параўноўваючы наяўнае, аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. Выбраць спадарожніка. Выбраць месца для начлегу. Выбраць занятак па душы. □ Затое ж дзядзька хват і дока, Набіў на косах сваё вока, І калі выбера ён коску — Не пара іншаму падоску. Колас.
3. што. Адабраць што‑н. па якой‑н. прыкмеце. Выбраць дзесятак спелых яблык. □ [Люба:] — Вось намалоцім новага жыта ў цапы, выберам саломы, тады на лета і [страху] перакрыем. Васілевіч.
4. каго. Абраць галасаваннем для выканання якіх‑н. абавязкаў. Выбраць прэзідыум сходу. □ Позна ноччу новы прафком выбраў сваім старшынёй Грушэўскага. Карпюк.
5. што. Разм. Знайсці неабходны час для ажыццяўлення чаго‑н.; выкраіць. Выбраць зручны момант. □ І ўспомніў.. [Сцёпка] свайго настаўніка. Выбраў вольную часіну і пайшоў у школу. Колас.
6. Спец. Зняць, састругаць рубанкам ці якім‑н. іншым інструментам.
вы́бруджаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выбрудзіць.
выбру́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выбрудзіць.
вы́брукаваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выбрукаваць.