Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

да́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Іменна гэты, той, аб якім ідзе гутарка. Даны выпадак. У даны момант.

2. у знач. наз. да́ныя, ‑ых. Звесткі, паказчыкі, якія характарызуюць каго‑, што‑н. Біяграфічныя даныя. Дакладныя даныя. Па афіцыйных даных.

•••

Выхадныя даныя — звесткі аб месцы і часе выхаду кнігі, аб яе тыражы, памерах і пад.

даню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Празмерна доўга, часта нюхаючы, дайсці да непрыемных вынікаў.

2. перан. Дазнацца, разведаць пра што‑н. якім‑н. непрыстойным спосабам. — Данюхаецца паліцыя, і тады... арышт, здзекі, а потым суд і турма. Мурашка.

даню́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да данюхацца (у 2 знач.).

данясе́нне, ‑я, н.

Вуснае ці пісьмовае афіцыйнае паведамленне якіх‑н. звестак начальніку, кіраўніку. Паслаць данясенне. □ Першае данясенне разведкі прыйшло гадзіны праз дзве. Колас.

даня́ць, дайму, доймеш, дойме; заг. даймі; зак., каго-што.

Вывесці з раўнавагі, не даючы спакою; змучыць, дапячы. Холад даняў. □ Бо кожны выслужыцца хоча: Адно гаворыць табе ў вочы, Але другое ў мыслях мае, І ўжо здарэння не мінае На чым хоць-небудзь зло спагнаць, Як мае быць цябе даняць. Колас. Як дайме ліха, прарэжуцца зубы. З нар.

дапада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дапасці.

дападкі́, ‑ая, ‑ое.

Абл. Дасціпны, спрытны; пранырлівы. [Зося з Рыгорам] бачылі, як дападкія вароны старанна рэвізавалі праложаную баразну. Гартны.

дапазна́, прысл.

Разм. Да позняга часу. Янук пазнаў Старыя месцы, дзе з Банадыком, Палюючы калісьці, дапазна Цягаліся за раненым ваўком. Танк.

дапаі́ць, ‑паю, ‑поіш, ‑поіць; зак., каго-што.

Скончыць паенне каго‑н. Дапаіць статак.

дапа́йвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да дапайваць.