Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

насе́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Жан. да насеннік (у 1 знач.). Канюшына-насенка. Бульба-насенка.

насе́нне, ‑я, м.

1. Зачатак вышэйшых раслін, які складаецца з зародка і абалонкі; семя, зерне. Асноўным кормам вавёркі з’яўляецца насенне елкі і сасны. «Весці». З насення толькі адной шышкі цэлы барак мог бы зашумець на ветры. Ігнаценка.

2. зб. Зерні раслін, прызначаныя для пасеву. Насенне жыта. Пратручваць насенне. □ У новым калгасным гумне гула і пастуквала арфа: перапускалі насенне. Чорны. // Часткі раслін (клубні, цыбуліны і пад.) або цэлыя расліны, прызначаныя для пасеву. Пакінуць бульбы на насенне. □ Выспявала думка сёлетні пасеў канюшыны поўнасцю пакінуць для насення. Асіпенка.

3. перан. Пачатак чаго‑н.; тое, што мае ўплыў, уздзеянне. Падумалася, што і я некалі пасеяў добрае насенне ў сэрцы Уладзіміра. Кавалёў. [Нявідны] поўнаю жменяю сее насенне буры і нянавісці да класавых ворагаў. Колас.

4. перан. Разм. Нашчадкі каго‑н. — Мы дарэмна тут загінем І насення не пакінем, — Кажа большая дачка. Крапіва.

насенне... (а таксама насення...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «насенне» (у 1, 2 знач.), напрыклад: насеннеачышчальны, насеннесушылка.

насеннеачышча́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для ачысткі насення. Насеннеачышчальная машына.

насе́ннік, ‑а, м.

1. Расліна або яе плод, пакінуты на насенне. Тытунь-насеннік. Агурок-насеннік. □ [Дзяўчына] была на дзялянцы, прарывала бурачкі, даглядала насеннікі. Сабаленка. // Дрэва, якое пакідаецца для абсемянення высечанага ўчастка лесу. Дуб-насеннік.

2. Спец. Участак, прызначаны для вырошчвання раслін на насенне. — Паважаны Аксён Верамеевіч, не ўсякая трава ідзе на насенне. Вунь у нас насеннікі, — паказаў Варанецкі за канаву. Дуброўскі.

насе́ннікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да насенніка.

насе́нніца, ‑ы, ж.

1. Абалонка, у якой змяшчаецца насенне.

2. Жан. да насеннік (у 1 знач.).

насе́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да насення (у 1 знач.); у якім знаходзіцца насенне. Насенныя каробачкі. // Які ажыццяўляецца пры дапамозе насення. Насеннае размнажэнне.

2. Які мае адносіны да насення (у 2 знач.). Насенны матэрыял. Насенны фонд. // Які пакідаецца на насенне. Насенная бульба. □ Шырокі загон насеннай канюшыны ішоў ад ельніку. Чорны. // Прызначаны для вырошчвання насенных раслін. Насенны ўчастак.

насення... (гл. насенне...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «насенне...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: насеннясховішча, насеннявод, насенняводства.

насенняво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст па насенняводству.