навамо́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены па новай модзе. Навамодны касцюм.
2. Які нядаўна зрабіўся модным, хадавым. Навамоднае слова. Навамодны танец.
навандрава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.
Уволю, многа павандраваць.
наванітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.
Разм. Напэцкаць ванітамі.
нава́р, ‑у, м.
Вадкасць, насычаная рэчывамі тых прадуктаў, што ў ёй варацца. Грыбны навар. // Тлушч, які ўсплывае наверх пры варцы стравы з жывёльных прадуктаў. Юшка са свежай рыбы ўжо кіпела.. Корань зменшыў агонь, каб не выкіпаў навар, прысеў. Гурскі.
наваражы́ць, ‑ражу, ‑рожыш, ‑рожыць; зак., што і чаго.
Разм. Варожачы, прадказаць.
нава́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад наварыць.
на́варат,
У выразе: другім наваратам — другі раз. [Маці:] — З хваробай не жартуй: яшчэ другім наваратам адкінецца... Якімовіч. Даўно мы з’елі сваю дзель бульбы, а нашых сяброў няма і няма. Я паставіў другім наваратам кацялок. С. Александровіч.
нава́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. наварваць — наварыць (у 3 знач.).
нава́рвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да наварыцца.
2. Зал. да наварваць.
нава́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да наварыць.