дагле́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дагледзець, даглядзець.
дагле́дзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гладзіць і даглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; зак., каго-што.
1. Прагледзець да канца, да якога‑н. месца, часткі. Дагледзець фільм да канца. □ — Надзя, — папрасіў я. — Давай даглядзім, што будзе далей! Кірэенка.
2. (звычайна з адмоўем). Заўважыць, не выпусціць з-пад увагі; упільнаваць. Калісьці, у свае дзіцячыя гады, пасучы на Скуратовічавым хутары каровы, .. [Тварыцкі] не дагледзеў чараду, і адна карова забрыла ў лес. Чорны. Не дагледзіш вокам — заплаціш бокам. Прыказка. // Падгледзець, прасачыць за кім‑н., каб даведацца пра што‑н. Ялавіцкі ўсё роўна дагледзеў, на які двор пайшоў чалавек. Баранавых. Парашылі [конюхі] дагледзець, чым .. [Тром-сын] коней лечыць. Якімовіч.
3. Паклапаціцца аб кім‑, чым‑н., акружыць увагай, стварыць добры догляд. Дагледзець хворага. Дагледзець дзяцей. Даглядзець агарод. □ — Вось да нас таварыш прыехаў. Трэба каня, хлопцы, дагледзець: накарміць, напаіць. Лобан. І Ленін гаварыў байцам, Што рана Яшчэ вяртацца да зямлі згібелай, Што зможам даглядзець яе старанна, Калі са зграяю пакончым белай. Гаўрусёў. // Навесці парадак, прыбраць. [Буднік] парашыў неадкладна ж папрасіць жанчыну, якая даглядала за школай, каб яна дагледзела і ягоны пакой. Галавач.
дагляда́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. даглядаць — дагледзець.
дагляда́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да даглядаць.
дагляда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дагледзець, даглядзець (у 1 і 3 знач.).
дагля́дчык, ‑а, м.
1. Той, хто даглядае каго‑, што‑н., наглядае за кім‑, чым‑н. У канцылярыі сядзеў Лявон — даглядчык коней. Васілевіч. Чалавека гэтага Леанольд Гушка ведаў: гэта быў нейкі там даглядчык нечага ў княжым замку. Чорны.
2. Службовая асоба, якая аглядае рэчы, грузы ў таможні; надглядчык. Таможны даглядчык.
дагматы́зм, ‑у, м.
Некрытычнае мысленне, якое апіраецца толькі на догмы. Марксізм-ленінізм, як сапраўдная перадавая навука, нецярпіма адносіцца да дагматызму. «Полымя».