дагледзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гладзіць і даглядзець, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; зак., каго-што.
1. Прагледзець да канца, да якога‑н. месца, часткі. Дагледзець фільм да канца. ▪ — Надзя, — папрасіў я. — Давай даглядзім, што будзе далей! Кірэенка.
2. (звычайна з адмоўем). Заўважыць, не выпусціць з-пад увагі; упільнаваць. Калісьці, у свае дзіцячыя гады, пасучы на Скуратовічавым хутары каровы, .. [Тварыцкі] не дагледзеў чараду, і адна карова забрыла ў лес. Чорны. Не дагледзіш вокам — заплаціш бокам. Прыказка. // Падгледзець, прасачыць за кім‑н., каб даведацца пра што‑н. Ялавіцкі ўсё роўна дагледзеў, на які двор пайшоў чалавек. Баранавых. Парашылі [конюхі] дагледзець, чым .. [Тром-сын] коней лечыць. Якімовіч.
3. Паклапаціцца аб кім‑, чым‑н., акружыць увагай, стварыць добры догляд. Дагледзець хворага. Дагледзець дзяцей. Даглядзець агарод. ▪ — Вось да нас таварыш прыехаў. Трэба каня, хлопцы, дагледзець: накарміць, напаіць. Лобан. І Ленін гаварыў байцам, Што рана Яшчэ вяртацца да зямлі згібелай, Што зможам даглядзець яе старанна, Калі са зграяю пакончым белай. Гаўрусёў. // Навесці парадак, прыбраць. [Буднік] парашыў неадкладна ж папрасіць жанчыну, якая даглядала за школай, каб яна дагледзела і ягоны пакой. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)