Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дабратво́рны, ‑ая, ‑ае.

Спрыяльны, карысны, жыватворны. Мне думалася, што, мусіць, няма на свеце такіх людзей, якія б не любілі прыроды і не адчувалі яе дабратворнага ўплыву на сабе. Ляўданскі.

дабратлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Дабрадушны, лагодны. Поўны дабратлівы твар Гаховіча паволі набракаў чырванню. Паслядовіч.

дабра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.

1. Марудна або з цяжкасцю дасягнуць якога‑н. месца. Толькі пад самую раніцу дабраўся.. [Васіль], дапоўз да ўскраіны роднай вёскі. Лынькоў. Дзе пехатою, а дзе на спадарожных машынах, дзядзька за тыдзень дабраўся з Гродна ў свае Дабрынічы. Дамашэвіч. // Капаючы, разграбаючы і пад., наблізіцца да чаго‑н., здабыць што‑н. Капцы не былі яшчэ канчаткова прыкіданы зямлёй, і дабрацца да бульбы было зусім проста. Ермаловіч. // Пашыраючыся, распаўсюджваючыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У цяньку, куды пасля ночы не паспела дабрацца сонца, траву пакрывае шараваты іней. Ляўданскі. // Дайсці пры чытанні, размове і пад. да якога‑н. месца, падзеі. Здалося Цімоху — дабраўся да «цэнтра» размовы Койніш. Шынклер. // перан. Прыкладаючы намаганні, дасягнуць разумення чаго‑н. Дабрацца да ісціны. □ [Антон з Мікітам] няхутка дабраліся да сэнсу ігры гэтых літар і слоў. Ракітны.

2. Разм. Атрымаць магчымасць узяцца за каго‑, што‑н., расправіцца з кім‑н. [Другі рыбак:] Яшчэ дабяромся мы да паноў! Не вырвуць каты з нашых рук мазольных Азёр і невадоў! Танк.

дабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак., каго-што.

1. і чаго. Узяць яшчэ нейкую колькасць да поўнай меры. Дабраць вады ў каструлю.

2. Скончыць набор (кнігі, артыкула і пад.). Дабраць часопіс.

3. Выбіраючы, знайсці, падабраць патрэбнае, прыдатнае, адпаведнае чаму‑н. Дабраць ключ да замка. Дабраць чаравікі да пары. □ Чорт не адны лапці стаптаў, пакуль такую пару дабраў. З нар.

•••

Ладу не дабраць — не знайсці выхаду з якога‑н. становішча.

Розуму не дабраць — не магчы знайсці рашэння якога‑н. пытання, не ведаць, што рабіць.

дабрачы́нец, ‑нца, м.

Тое, што і дабрадзей (у 1 знач.).

дабрачы́ннасць, ‑і, ж.

Тое, што і дабрадзейнасць.

дабрачы́нніца, ‑ы, ж.

Жан. да дабрачынец.

дабрачы́нны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дабрадзейны.

дабрая́каснасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дабраякаснага. Дабраякаснасць прадукцыі.

дабрая́касны, ‑ая, ‑ае.

1. Добры, прыгодны па якасці. Дабраякасны матэрыял. Дабраякасная работа.

2. Спец. Які не пашыраецца і паддаецца лячэнню; проціл. злаякасны. Дабраякасная пухліна.