дабрацца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.

1. Марудна або з цяжкасцю дасягнуць якога‑н. месца. Толькі пад самую раніцу дабраўся.. [Васіль], дапоўз да ўскраіны роднай вёскі. Лынькоў. Дзе пехатою, а дзе на спадарожных машынах, дзядзька за тыдзень дабраўся з Гродна ў свае Дабрынічы. Дамашэвіч. // Капаючы, разграбаючы і пад., наблізіцца да чаго‑н., здабыць што‑н. Капцы не былі яшчэ канчаткова прыкіданы зямлёй, і дабрацца да бульбы было зусім проста. Ермаловіч. // Пашыраючыся, распаўсюджваючыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У цяньку, куды пасля ночы не паспела дабрацца сонца, траву пакрывае шараваты іней. Ляўданскі. // Дайсці пры чытанні, размове і пад. да якога‑н. месца, падзеі. Здалося Цімоху — дабраўся да «цэнтра» размовы Койніш. Шынклер. // перан. Прыкладаючы намаганні, дасягнуць разумення чаго‑н. Дабрацца да ісціны. ▪ [Антон з Мікітам] няхутка дабраліся да сэнсу ігры гэтых літар і слоў. Ракітны.

2. Разм. Атрымаць магчымасць узяцца за каго‑, што‑н., расправіцца з кім‑н. [Другі рыбак:] Яшчэ дабяромся мы да паноў! Не вырвуць каты з нашых рук мазольных Азёр і невадоў! Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)