даль, ‑і, ж.
1. Далёкі прастор, бачны вокам; прасцяг, шыр. [Ірыне] падабалася быць увесь дзень пад сонцам і ветрам, любавацца неабсяжнымі палявымі далямі. Шахавец. За лясочкамі, за гаем Далі, лёгшы сінім морам, Вабяць душу мне прасторам. Колас. З узгоркаў перад Алаізаю на ўсе бакі раскрывалася даль. Арабей. // Вялікая прастора, адлегласць, якая раздзяляе каго‑, што‑н. Дружбакі жывуць не побач, Пралягла між імі даль, Палавіна ўсёй Еўропы Паміж хлопцамі амаль. Кірэенка. Але знаю — з табой, з родным краем Даль не зможа мяне разлучыць. Прыходзька.
2. (звычайна з азначэннем). Далёкае месца, вельмі аддаленая мясцовасць. Зайшоў у такую даль. □ З далёкай прыамурскай далі Хацеў я ўбачыць бераг свой. Гаўрусёў. Цаліну штурмаваць вёз цягнік нас імклівы, У далёкую даль, у нязведаны край, Вёз на подзвіг — і быў я бясконца шчаслівы... Гілевіч. Мы шляхі пракладаем У касмічныя далі, На ўвесь свет палымнее наш сцяг. Журба. // а таксама чаго. Аддалены ўчастак чаго‑н. Засланяючы даль краявіду, Ўзняліся ўгару тэрыконы. Аўрамчык. // Пра аддаленыя (у мінулае або ў будучае) часы. Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Мала заглядваючы ў паперы, Званец гаварыў пра захапляючую сямігадовую даль, якую расхінуў перад краінай з’езд партыі. Дуброўскі.
дальме́ны, ‑аў; адз. дальмен, ‑а, м.
Старажытныя пахавальныя збудаванні з вялікіх каменных пліт, пастаўленых вертыкальна і накрытых адной гарызантальнай.
[Фр. dolmen.]
дальнаба́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і якасць дальнабачнага; празорлівасць. Дальнабачнасць палітыкі партыі.
дальнаба́чны, ‑ая, ‑ае.
Здольны прадбачыць вынікі чаго‑н.; празорлівы. [Гардзееў] па-свойму аказаўся дальнабачным і загадзя падаў заяву аб звальненні па ўласнаму жаданню. Даніленка. // Які вызначаецца прадбачлівасцю. Дальнабачны план. Дальнабачнае рашэнне.
дальнабо́йка, ‑і, ДМ ‑бойцы; Р мн. ‑боек; ж.
Разм. Дальнабойная гармата. Басавіта забумкалі дальнабойкі. Лынькоў. Зямлянкі ў залацістыя бары і так далёка ад фронту, што сюды, мусіць, не даляціць снарад нават з дальнабойкі! Шашкоў.
дальнабо́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць дальнабойнага. Дальнабойнасць артылерыі.
дальнабо́йны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для стральбы на далёкую адлегласць. Дальнабойная гармата. Дальнабойная артылерыя.
дальназо́ркасць, ‑і, ж.
Недахоп зроку, пры якім вочы дрэнна бачаць на блізкую адлегласць; проціл. блізарукасць.
дальназо́ркі, ‑ая, ‑ае.
Які дрэнна бачыць на блізкую адлегласць; проціл. блізарукі. Дальназоркі чалавек. Дальназоркія вочы.