даль, ‑і, ж.
1. Далёкі прастор, бачны вокам; прасцяг, шыр. [Ірыне] падабалася быць увесь дзень пад сонцам і ветрам, любавацца неабсяжнымі палявымі далямі. Шахавец. За лясочкамі, за гаем Далі, лёгшы сінім морам, Вабяць душу мне прасторам. Колас. З узгоркаў перад Алаізаю на ўсе бакі раскрывалася даль. Арабей. // Вялікая прастора, адлегласць, якая раздзяляе каго‑, што‑н. Дружбакі жывуць не побач, Пралягла між імі даль, Палавіна ўсёй Еўропы Паміж хлопцамі амаль. Кірэенка. Але знаю — з табой, з родным краем Даль не зможа мяне разлучыць. Прыходзька.
2. (звычайна з азначэннем). Далёкае месца, вельмі аддаленая мясцовасць. Зайшоў у такую даль. ▪ З далёкай прыамурскай далі Хацеў я ўбачыць бераг свой. Гаўрусёў. Цаліну штурмаваць вёз цягнік нас імклівы, У далёкую даль, у нязведаны край, Вёз на подзвіг — і быў я бясконца шчаслівы... Гілевіч. Мы шляхі пракладаем У касмічныя далі, На ўвесь свет палымнее наш сцяг. Журба. // а таксама чаго. Аддалены ўчастак чаго‑н. Засланяючы даль краявіду, Ўзняліся ўгару тэрыконы. Аўрамчык. // Пра аддаленыя (у мінулае або ў будучае) часы. Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Мала заглядваючы ў паперы, Званец гаварыў пра захапляючую сямігадовую даль, якую расхінуў перад краінай з’езд партыі. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)