вы́залачаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад вызалаціць.
вызало́чвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да вызалаціцца.
2. Зал. да вызалочваць.
вызало́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да вызалаціць.
вы́зарыцца, ‑рыцца; зак.
Тое, што і вызарыць. Нанач неба вызарылася і наступіла такая цішыня, якое, здаецца, даўно ўжо не было на свеце. Сабаленка.
вы́зарыць, ‑рыць; зак.
Стаць ясным, зорным (пра неба). [Нічыпар:] — Бачыце, як неба вызарыла. У такую ноч і пешкі прайсціся хораша... Хадкевіч.
вызвале́нец, ‑нца, м.
Разм. Тое, што і вызваліцель. Гануля.. першая паднесла савецкаму салдату букет, а за ёю дзяўчаты засыпалі вызваленцаў кветкамі. Гурскі. // Той, каго вызвалілі.
вызвале́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. вызваляць — вызваліць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. вызваляцца — вызваліцца.
вызвале́нчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае на мэце вызваленне каго‑, чаго‑н. Вызваленчая барацьба. Вызваленчыя войны. Нацыянальна-вызваленчы рух.
вы́звалены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад вызваліць.
2. у знач. прым. Які атрымаў свабоду, незалежнасць дзякуючы чыім‑н. намаганням. Два гады мірнай працы на вызваленай зямлі былі для.. [камуністаў] шчаслівым этапам на шляху барацьбы. Брыль. // Службовая нагрузка якога абмяжоўваецца партыйнай, камсамольскай ці прафсаюзнай работай. Вызвалены сакратар парткома.
3. у знач. наз. вы́звалены, ‑ага, м. Той, хто атрымаў вызваленне. Вызваленых засыпалі пытаннямі.
вызвалі́цель, ‑я, м.
Той, хто вызваліў ці вызваляе каго‑, што‑н. Воіны-вызваліцелі. □ Сержант Амяллян Кручын у марах бачыў ужо сябе вызваліцелем родных мясцін, па якіх сумаваў усю вайну. Хадкевіч.