Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нахле́бніца, ‑ы, ж.

Жан. да нахлебнік.

нахле́бніцкі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы нахлебніку, такі, як у нахлебніка.

нахле́бніцтва, ‑а, н.

Жыццё нахлебніка; стан нахлебніка.

нахлусі́цца, ‑хлушуся, ‑хлусішся, ‑хлусіцца; зак.

Разм. Уволю, многа пахлусіць.

нахлусі́ць, ‑хлушу, ‑хлусіш, ‑хлусіць; зак., што, чаго і без дап.

Нагаварыць няпраўды; налгаць. Бывала, хто.. [пану] што ні нахлусіць — ён з усім згаджаецца. Якімовіч. [Надзя:] «Прызнайцеся, Піліп Марцінавіч, што вы наконт Сярожавага вяселля выдумала. Гэта ж няпраўда?» — «Няпраўда, — кажу, — Надзейка. Гэта я нахлусіў. Куды ж яму жаніцца». Сіўцоў.

нахлы́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Імкліва, раптам набегчы, нацячы ў вялікай колькасці (пра вадкасць, туман і пад.). Як аказалася, з акіяна нахлынула раптам вялікая хваля і нечакана акаціла ўсіх адпачываючых халоднай вадой. Лынькоў.

2. перан. Раптоўна прыйсці, набегчы, з’явіцца ў вялікай колькасці. Неўзабаве перад тым днём, калі ўсе гады пачыналася вучоба, нахлынулі.. акупанты і занялі школу пад нейкі свой штаб. Кулакоўскі. За час гаворкі раз-пораз заглядалі рабочыя. Як толькі пайшоў дырэктар, яны адразу нахлынулі ў кабінет. Скрыган. // Нечакана наступіць, узнікнуць. Вяселле павінны былі гладзіць на Пятра, але тут якраз нахлынула вайна. Адамчык. А ў небе тым часам ужо дужаецца сонца з густой замессю хмар, і на зямлі то прамчыцца іх цень, то нахлыне спякота. Быкаў.

3. перан. Узнікнуць, з’явіцца (аб думках, пачуццях і пад.). Успаміны нахлынулі, завалодалі сэрцам. Гамолка. Назаўтра раніцай.. [Анэля] прачнулася з адчуваннем шчасця, якое нахлынула на яе, як хваля, і запаланіла ўсю істоту. Чарнышэвіч.

нахлябта́цца, ‑хлябчуся, ‑хлебчашся, ‑хлебчацца; зак.

1. Уволю пахлябтаць.

2. Груб. Напіцца гарэлкі, віна.

нахма́рвацца, ‑аецца.

Незак. да нахмарыцца.

нахма́рваць, ‑ае.

Незак. да нахмарыць.

нахма́рыцца, ‑рыцца; зак.

Пакрыцца, аблажыцца хмарамі (пра неба).