насві́стванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. насвістваць — насвістаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Пачулася ціхае насвістванне.
насві́ствацца, ‑аецца; незак.
Зал. да насвістваць.
насві́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да насвістаць.
2. што і без дап. Свістаць (часцей паціху, самому сабе). Насвістваць песню. □ Выйшаўшы на Магілёўскую шашу, Сева паціху пачаў насвістваць. Карпаў. // Пра птушак. [Шпак] то заносіў у дзюбцы чарвяка ў шпакоўню, то сядзеў паблізу і насвістваў вясёлыя песенькі. Пальчэўскі. // Пра вецер, мяцеліцу і пад. За акном насвістваў вецер, хвалямі наганяў дождж, усё сцябаў, сцябаў па шыбах. Мыслівец. // Пра машыны, прылады. Вентылятар над дзвярыма не спыняўся вярцецца і насвістваць аднастайную мелодыю. Гартны.
насвяткава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.
Уволю, многа пасвяткаваць. Насвяткаваліся, цяпер трэба за работу брацца.
насе́вак, ‑сеўку, м.
Разм. Тое, што прызначана для пасеву; насенне. Як толькі снег з узгоркаў знік, Вазіць насевак-яравое Прыйшоў шматтонны грузавік. Танк. // Наогул тое, што сеецца, ляціць, падае зверху. Насевак з клёну. Насевак з хваёвых шышак. □ Алесь тужыў па свежай баразне, калі яна вясной .. крышыцца тлустымі, цёплымі камякамі, гатовая і прагная прыняць і залацісты дождж зярнят, і насевак са шчодрага неба. Брыль.
насе́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад наседзець.
2. перан.; у знач. прым. Абжыты. Ляцяць, як і летась, у вырай З наседжаных гнёзд жураўлі. Астрэйка. Вайна зрушыла з абжытых, наседжаных месц дзесяткі, сотні тысяч людзей. Новікаў.
насе́джванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. наседжваць — наседзець (у 1 знач.).
насе́джвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да наседжваць.
насе́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да наседзець, насядзець.
насе́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і насядзе́цца, ‑сяджуся, ‑сядзішся, ‑сядзіцца; ‑сядзімся, ‑седзіцеся; зак.
Доўга, многа пасядзець. Маладая ўжо наседзелася дома і ёй пара было выходзіць на работу. Чарнышэвіч. — Насядзеўся за дзень. Не хачу. Надакучылі вы ўсе мне! — аж крыкнуў Генадзь. Сабаленка.