Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

накапа́ны і нако́паны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад накапа́ць.

накапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Доўга, многа пакапаць, натаміцца капаючы. [Бацька] заўзята маўчыць і шпурляе наверх вялікія чорныя цагліны торфу, а я адношу іх.. Цагліны мокрыя, слізкія, цяжкія.., а ён усё не хоча, каб я яго падмяніў. — Яшчэ накапаешся, — адказвае, нібы яму ад гэтага лягчэй. Брыль.

нака́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. чаго. Наліць па каплі нейкую колькасць чаго‑н. Вольга Усцінаўна дрыготкімі рукамі накапала лекаў. Шамякін.

2. перан. Разм. Нагаварыць на каго‑н., данесці аб чым‑н. [Зіна:] — Брыгадзір накапаў. Падліза. У чалавека жонка хворая, спазніўся, ну я і не адзначыла ў табелі. Шыцік.

накапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што і чаго.

1. Капаючы, нарабіць паглыбленняў. Накапаць ям. Накапаць канаў. □ Уздоўж.. [тракту].. калгаснікі накапалі траншэяў, акопаў, і наша камандаванне сцягвала туды войскі. Чыгрынаў. // Капаючы, зрабіць што‑н. У цемры ночы невыразна чарнеў высокім хрыбтом ладны бруствер, які накапаў гэты баец. Быкаў.

2. Капаючы, здабыць нейкую колькасць чаго‑н. Накапаць мех бульбы. Накапаць пяску. □ [Лабановіч:] — Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, што вы сёння прыгатавалі. Колас.

нака́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да накапаць.

накапі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што і чаго.

Скапіраваць у якой‑н. колькасці. Накапіраваць цэлую папку чарцяжоў.

накапі́цца, ‑копіцца; зак.

Паступова сабрацца, павялічыцца ў якой‑н. колькасці; назапасіцца.

накапі́ць, ‑каплю, ‑копіш, ‑копіць; зак., што і чаго.

Паступова сабраць, павялічыць у якой‑н. колькасці; назапасіць. Напаліць грошай. Накапіць вопыт. □ — Жадаю весела адпачыць і накапіць новых сіл, — сказаў.. [загадчык] на развітанне. Нядзведскі.

накапле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. накапляць — накапіць і накапляцца — накапіцца.

2. толькі мн. (накапле́нні, ‑яў). Тое, што накоплена; капітал, зберажэнні. Накапленні ў прамысловасці. □ Цэх даў больш 300 тысяч рублёў звышпланавых накапленняў. «Беларусь».

накапля́льнік, ‑а, м.

Спец. Устройства, апарат, якія даюць магчымасць запасіць што‑н. Накапляльнік энергіі.

накапля́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да накапіцца.

2. Зал. да накапляць.