дактрынёр, ‑а, м.
Кніжн. Чалавек, які слепа і педантычна прытрымліваецца якой‑н. дактрыны; схаласт, начотчык.
[Фр. doctrinaire.]
дактрынёрскі, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які мае адносіны да дактрынёра, уласцівы дактрынёру. Дактрынёрскі падыход да справы. Дактрынёрскае ўяўленне.
дактрынёрства, ‑а, м.
Кніжн. Дактрынёрскія адносіны да рэчаіснасці; дагматызм. Упадаць у дактрынёрства.
дактылагра́фія, ‑і, ж.
Тэхніка работы на друкарскай машынцы.
дактылало́гія, ‑і, ж.
Спосаб размовы глуханямых пры дапамозе пальцаў рук; ручная азбука.
[Ад грэч. daktylos — палец і logos — вучэнне.]
дактыласкапі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дактыласкапіі. Дактыласкапічнае даследаванне.
дактыласкапі́я, ‑і, ж.
Вывучэнне рысунка скуры на пальцах рук чалавека; зняцце адбіткаў з пальцаў рук для ўстанаўлення асобы злачынца.
[Ад грэч. daktylos — палец і skopeō — гляджу.]
дактылі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дактыля. Дактылічная страфа. Дактылічная рыфма.
да́ктыль, ‑я, м.
Трохскладовая стапа з націскам на першым складзе ў сілаба-танічным вершаскладанні, напрыклад: Во́бразы / мі́лыя / ро́днага/ кра́ю, / Сму́так і/ ра́дасць ма/я́! Колас.
[Грэч. daktylos.]
даку́ка, ‑і, ДМ ‑куцы, ж.
Разм.
1. Турбота, клопат. Спіць дзіця, не ведае дакукі. □ — То перш трэба навучыцца, паважаная дзяўчына. Бо мне трэба такія, каб ужо працавалі. А то што ж — замест помачы я буду мець дакуку: абучаць вас. Скрыган.
2. Нуда, маркота. Працаваць адной — дакука, Кліча бабка ўнучку, унука — І палоць, і паліваць, Прарываць і аграбаць. Шушкевіч. Не пісьмы з нейкае дакукі Начамі піша чалавек. Ідзе па лесвіцы навукі, Не адстае: імклівы век. Бялевіч.
3. Зайздрасць, злосць, выкліканыя чым‑н. Другім добрым пластуном аказаўся камандзір падрыўной групы Гнядкоў і трэцім, на здзіўленне і дакуку маладзейшым, — стары Маеўскі. Шамякін.