наўско́с, прысл. і прыназ.
Тое, што і наўскасяк. Сонца схілілася к захаду і ўжо наўскос кідала праменні ў вокны. Пестрак. [Бесо] пачаў узнімацца ўгору, ідучы ў падножжы наўскос стромага спаду. Самуйлёнак.
наўсплыва́ць, ‑ае; зак.
Усплыць у вялікай колькасці.
наўсця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Усцягнуць за некалькі прыёмаў куды‑н. значную колькасць чаго‑н. Наўсцягваць жэрдак на гарышча.
наўсця́ж, прысл. і прыназ.
1. прысл. Ва ўсю даўжыню чаго‑н. І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка.
2. прысл. На ўсёй прасторы, ва ўсіх напрамках; навокал. І ўся зямля наўсцяж — Законны наш спажытак. Колас. А жыта красуе, а жыта красуе, Каб потым наўсцяж палавецы.. Кляўко.
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўсцяж» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на прадмет, уздоўж па лініі якога што‑н. размяшчаецца, рухаецца. Самалёты, як развярнуліся, так і паляцелі наўсцяж дарогі, на захад, на гарадок. Лынькоў.
наўтыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Уваткнуць куды‑н. або ў што‑н. вялікую колькасць чаго‑н. Моладзь наўтыкала вярбовых калоў, і ўраслі яны ў зямлю, распусцілі вецце. Чарнышэвіч. Апрануў [Сцяпан] на сябе чырвоны жупан, у шапку наўтыкаў бліскучых птушыных пер’яў. Якімовіч.
наўты́лус, ‑а, м.
Род галаваногіх малюскаў.
наўцекача́, прысл.
Разм. Тое, што і наўцёкі.
наўцёкі, прысл.
Бягом, уцякаючы ад каго‑, чаго‑н. Калі Лабановіч паказаўся ў кухні, .. [вучні] кінуліся наўцёкі. Колас. Яшчэ хвіліна, і малады алень адскочыў убок, потым павярнуўся і кінуўся раптам наўцёкі. В. Вольскі. Дзяўчаткі зарагаталі і, падхапіўшы пад рукі сваю меншую сяброўку, пабеглі наўцёкі. Чорны. / у знач. вык. [Алеська:] — Не паспеў падысці да абгарэлай сасны.., а нехта як выскачыць з лесу ды як запляскае. Я — наўцёкі. Ігнаценка.
наўця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. чаго. Уцягнуць за некалькі прыёмаў унутр чаго‑н. у вялікай колькасці.
2. перан.; каго. Разм. Прыцягнуць да ўдзелу ў чым‑н. многіх. Наўцягваць студэнтаў у драматычны гурток.
наўшыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Ушыць вялікую колькасць чаго‑н. Наўшываць гузікаў.