начо́вачкі, ‑чак; адз. няма.
Памянш. да начоўкі.
начо́рна, прысл.
1. Разм. Тое, што і начарна.
2. У чорны колер. Алесь быў у вялізных ботах і палатняных портках, пафарбаваных начорна. Чорны.
начо́с, ‑у, м.
1. Спец. Доўгі ворс на тканінах і трыкатажных вырабах.
2. Разм. Валасы ў прычосцы, начасаныя на лоб, вушы, скроні. Ад ранейшага гарнітура астаўся адзін капялюш; як заўжды ссунуты на патыліцу, ён адкрываў шышкаваты лоб пад кароткім начосам чорнага густога чуба. Карамазаў. // Прычоска ў выглядзе пышна ўзбітых валасоў. Даўгалыгі юнак цягне ў ваду сваю сяброўку ў зграбным сінім купальніку, дзяўчына прытворна ўпіраецца, пры гэтым не забывае ўсё ж схаваць пад гумавай шапачкай дарагі пышны начос. Лось.
начо́сны, ‑ая, ‑ае.
Спец. З начосам (у 1 знач.). Тканіна з начосным ворсам.
начо́тніцтва, ‑а, н.
Веды, якія грунтуюцца на механічным, некрытычным засваенні прачытанага. Уся адукаванасць гэтых «набожных» людзей у лепшым выпадку заключалася ў начотніцтве, у вузкацаркоўнай кніжнасці. Алексютовіч. // Спосаб засваення, які звязаны з дагматычнымі адносінамі да прачытанага.
начо́тчык, ‑а, м.
Чалавек, які многа чытае, але павярхоўна, дагматычна засвойвае прачытанае. Сваю прамову .. [Сардэчны] гаварыў з пафасам, у кожным сказе ўжываў «пад лозунгам», «дагнаць і перагнаць», «інтэнсіўнасць працы», «героіка будняў» і іншыя слоўцы гаваруна-начотчыка. Барашка.
начо́ўка, ‑і, ДМ ‑чоўцы; Р мн. ‑човак; ж.
Тое, што і начлег (у 1 знач.). За вёскай, па канюшынішчы, [спыніўся] абоз на начоўку... Нікановіч. Стараста павячэраў, пачакаў, калі добра сцямнее, і затым пачаў рыхтавацца да сваёй гаротнай, пакутлівай начоўкі. М. Ткачоў.
начо́ўкі, ‑човак; адз. няма.
Прадаўгаватая драўляная або металічная пасудзіна для мыцця бялізны і іншых гаспадарчых патрэб. Немаладая жанчына ў белай хусцінцы, нацягнутай на лоб, мыла штосьці ў начоўках. Хадкевіч. Тацяна пачала купаць Віктара. Хлапчук радасна плёскаўся ў начоўках і смяяўся. Шамякін. У маленькіх начоўках ляжалі два ладныя язі і залацісты, тоўсты лінь. Ваданосаў.