Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

налаўчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. з інф., чым, чаму і без дап. Набыць навык, спрыт у якой‑н. справе; навучыцца рабіць што‑н. Палонны найбольш трапляў гаварыць па-польску, але за год налаўчыўся ўжо крыху і па-тутэйшаму. Чорны. З дзіцячых гадоў яшчэ Павел палюбіў лыжы.. А калі пасталеў, ён так налаўчыўся хадзіць на іх, што рэдка хто мог яго абагнаць. Шахавец. [Язэп] не налаўчыўся яшчэ працаваць адной рукой, таму нават адзяваўся марудна, злаваў на сваё няўмельства. Асіпенка.

2. без дап. Разм. Злаўчыцца, прылаўчыцца. Турок упёрся ў зямлю, налаўчыўся і ўсім целам рынуўся на немца. Быкаў.

нала́яцца, ‑лаюся, ‑лаешся, ‑лаецца; зак.

Разм. Многа, доўга палаяцца.

налга́цца, ‑лгуся, ‑лжэшся, ‑лжэцца; ‑лжомся, ‑лжацеся, ‑лгуцца; зак.

Разм. Многа палгаць. У голад людзі намруцца, а ў вайну налгуцца. Прыказка.

налга́ць, ‑лгу, ‑лжэш, ‑лжэ; ‑лжом, ‑лжаце, ‑лгуць; зак.

Нагаварыць няпраўды.

нале́ва, прысл.

1. У левы бок; проціл. направа. Паглядзець налева. □ Сава, доўга не думаючы, звярнуў налева і, як птушка, знік на шляху. Пестрак. // На левым баку, з левага боку. Налева пры сцяне відзён быў рог ложка. Чорны. / у знач. прыназ. (у спалучэнні з «ад»). Налева ад парога стаяў доўгі стол. Пестрак.

2. перан. Разм. Не па прамому назначэнню, незаконна.

•••

Направа і налева гл. направа.

нале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. налёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. наляж; зак.

1. Наваліцца на што‑н., націснуць сваім цяжарам. Палегчы на стол. □ Вартаўнік усім целам налёг на рэйку шлагбаума. Шынклер. Чалавек з дзесятак салдат наляглі на дзверы. Лынькоў.

2. З сілай пачаць дзейнічаць якой‑н. прыладай. Надзя зноў села на карму, а я з усіх сіл налёг на вёслы. Аднак пасоўваліся мы досыць марудна. Кірэенка. Зіна налегла на палкі, вырвалася [на лыжах] наперад. Шыцік.

3. перан. Разм. Пачаць энергічна рабіць што‑н., займацца чым‑н. Налегчы на кнігі. Налегчы на замежную мову. □ [Халуста] спачатку налёг на мяса, потым падсунуў да сябе міску з капустай і вычарпаў яе да дна. Чарнышэвіч.

на́ледзь, ‑і, ж.

Ледзяное цела, якое ўтвараецца ў выніку замярзання рачных або падземных вод, якія выйшлі на паверхню (пераважна ў зоне вечнай мерзлаты). // Слой лёду рознай таўшчыні, які намярзае на чым‑н. Велізарная наледзь расла вакол вадакачкі. Лынькоў. Алесь кленчыць на лаве перад акном і праз наледзь глядзіць на цудоўнае неба на захадзе. Брыль.

нале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. каму-чаму. Быць, з’яўляцца ўласнасцю каго‑, чаго‑н. Гэтыя кнігі належаць таварышу. □ Дзед не раз гаварыў пра зямлю пад Дубамі, пра паплавы на рэчцы, якія калісьці належалі мужыкам. Колас. // Быць, знаходзіцца ў распараджэнні каго‑н. Будучае належыць моладзі. □ Цяпер вуліца належала .. [працэсіі]: сустрэчныя аўтамашыны збаўлялі хуткасць, а тыя, што даганялі, паволі сунуліся ззаду. Карпаў. // Быць, з’яўляцца чыім‑н. тварэннем, быць напісаным, створаным (пра твор, ідэю, думкі і пад.). Пяру Янкі Купалы належаць пераклады многіх вершаў з «Кабзара». Палітыка. // перан. Быць прысвечаным каму‑, чаму‑н. Усё жыццё Дзяміда належала лесу. В. Вольскі. // (з займеннікам «сабе»). Свабодна распараджацца сабою, ні ад каго не залежаць. Цяпер Міхал Шарупіч належаў не толькі сабе. Дэлегацыю на вакзале ўжо чакалі, і прыйшлося пасяліцца ў гасцініцы «Масква». Карпаў.

2. да каго-чаго. Адносіцца да якой‑н. групы, уваходзіць у склад чаго‑н. Відаць, прахожыя належалі да тутэйшых механізатараў і цяпер па нейкай патрэба ішлі ў РТС. Быкаў. Адчувалася, што доктар не належаў да вельмі спакойных і ўраўнаважаных натур. Васілевіч.

3. каму-чаму. Быць чыім‑н. правам, непасрэдным абавязкам. [Андрыян Цітавіч:] — Калі справа ідзе аб павышэнні, то рашаючае слова павінна належаць .. [Валі]. Марціновіч.

4. безас. каму. Падлягаць выплаце, выдачы за што‑н. Вам належыць заплаціць за білет. □ Бабка была зацікаўлена ў гэтай ссыпцы, бо і ёй належала некаторая частка гарцаў. Колас. // з каго. Разм. Пра пачастунак з якой‑н. нагоды. — З цябе сёння належыць, — смеючыся на ўсю палатку, сказаў Пракапенка. — Пішы, што ты імяніннік.. Пойдзем у клуб, пачытаеш, як там цябе ў заводскай насценгазеце расхвалілі. Кулакоўскі. [Лявон:] Ну, пане гаспадар, дакоскі зрабіў, з вас бутэлька належыць. Козел.

5. безас. каму і без дап. Быць устаноўленым, вызначаным. Па статуту нам належаць пісталеты. Але дзе ж там.. — калі і вінтовак усім не хапіла... Брыль.

6. безас. з інф., каму. Быць неабходным. Перш за ўсё належала сабраць насенне, ачысціць яго, пратруціць, каб увесну было што ўкінуць у зямельку. Сабаленка. Нарэшце пагадзіліся [настаўнікі] на тым, што дырэктару школы належыць яшчэ раз сустрэцца са старшынёй.. сельскага Савета. «Звязда».

•••

Як (і) належыць — як патрэбна, як мае быць.

нале́жнасць, ‑і, ж.

Тое, што і прыналежнасць.

нале́жны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які павінен быць; патрэбны, неабходны. Рабіць на належным узроўні. Прыняць належныя меры. Зрабіць належныя вывады. □ Мабыць, выгляд падарожнага не зрабіў на шафёра належнага ўражання. Шамякін. Можна верыць, што з цягам часу.. [Розаў] навядзе ў сваёй МТС належны парадак. Даніленка. // у знач. наз. нале́жнае, ‑ага, н. Тое, што павінна быць; патрэбнае, неабходнае. Успрыняць як належнае.

•••

Аддаць належнае гл. аддаць.

Узняць на належную вышыню гл. узняць.