Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дабра́к, ‑а, м.

Разм. Добры, спагадлівы чалавек. Гэта быў яшчэ не стары чалавек, але валасы меў сівыя. Позірк вачэй — суровы, патрабавальны. Але чамусьці не страшна было пад.. позіркам гэтага чалавека. Ён [камандзір] здаваўся дабраком. Каваленка.

дабра́нач, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца як пажаданне спакойнай ночы, добрага сну. — Дабранач! — паціскаючы са шчырасцю Янкаву руку, развітаўся Васіль. Гартны.

дабрата́, ‑ы, ДМ ‑раце, ж.

1. толькі адз. Спагадлівасць, чуласць у адносінах да людзей. Хваліць за дабрату, за сардэчнасць. □ [Сярго:] Якой цудоўнай дабраты народ! Калі палюбіць ён каго душой, Аддасць яму і кроў сваю і сэрца. Глебка. // Прыветлівасць, ласкавасць. У рысах твару.. свяцілася заклапочаная дабрата і ветлівасць. Чорны.

2. толькі мн. (дабро́ты, ‑рот). Тое, што служыць задавальненню чалавечых патрэб, дае матэрыяльны дастатак. Мінаюць стагоддзі.., новыя пакаленні ствараюць свае матэрыяльныя даброты, перабудоўваюць паселішчы і гарады. Крывіцкі.

дабратво́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дабратворнага; спрыяльнасць.

дабратво́рны, ‑ая, ‑ае.

Спрыяльны, карысны, жыватворны. Мне думалася, што, мусіць, няма на свеце такіх людзей, якія б не любілі прыроды і не адчувалі яе дабратворнага ўплыву на сабе. Ляўданскі.

дабратлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Дабрадушны, лагодны. Поўны дабратлівы твар Гаховіча паволі набракаў чырванню. Паслядовіч.

дабра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.

1. Марудна або з цяжкасцю дасягнуць якога‑н. месца. Толькі пад самую раніцу дабраўся.. [Васіль], дапоўз да ўскраіны роднай вёскі. Лынькоў. Дзе пехатою, а дзе на спадарожных машынах, дзядзька за тыдзень дабраўся з Гродна ў свае Дабрынічы. Дамашэвіч. // Капаючы, разграбаючы і пад., наблізіцца да чаго‑н., здабыць што‑н. Капцы не былі яшчэ канчаткова прыкіданы зямлёй, і дабрацца да бульбы было зусім проста. Ермаловіч. // Пашыраючыся, распаўсюджваючыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У цяньку, куды пасля ночы не паспела дабрацца сонца, траву пакрывае шараваты іней. Ляўданскі. // Дайсці пры чытанні, размове і пад. да якога‑н. месца, падзеі. Здалося Цімоху — дабраўся да «цэнтра» размовы Койніш. Шынклер. // перан. Прыкладаючы намаганні, дасягнуць разумення чаго‑н. Дабрацца да ісціны. □ [Антон з Мікітам] няхутка дабраліся да сэнсу ігры гэтых літар і слоў. Ракітны.

2. Разм. Атрымаць магчымасць узяцца за каго‑, што‑н., расправіцца з кім‑н. [Другі рыбак:] Яшчэ дабяромся мы да паноў! Не вырвуць каты з нашых рук мазольных Азёр і невадоў! Танк.

дабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак., каго-што.

1. і чаго. Узяць яшчэ нейкую колькасць да поўнай меры. Дабраць вады ў каструлю.

2. Скончыць набор (кнігі, артыкула і пад.). Дабраць часопіс.

3. Выбіраючы, знайсці, падабраць патрэбнае, прыдатнае, адпаведнае чаму‑н. Дабраць ключ да замка. Дабраць чаравікі да пары. □ Чорт не адны лапці стаптаў, пакуль такую пару дабраў. З нар.

•••

Ладу не дабраць — не знайсці выхаду з якога‑н. становішча.

Розуму не дабраць — не магчы знайсці рашэння якога‑н. пытання, не ведаць, што рабіць.

дабрачы́нец, ‑нца, м.

Тое, што і дабрадзей (у 1 знач.).

дабрачы́ннасць, ‑і, ж.

Тое, што і дабрадзейнасць.