Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́сахлы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі. з якога выпарылася вільгаць. Высахлая рэчка. Высахлая бялізна. // Які выпарыўся (пра вільгаць).

2. Які звяў, ссох, перастаў жыць. Высахлае дрэва. □ На прымерзлай.. зямлі ляжала.. высахлае лісце. Чорны.

3. перан. Схуднелы. Высахлы твар.

вы́сахнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. высах, ‑сахла; зак.

1. Стаць сухім, прасохнуць. Памалу высахла зямля, Зарунелі чорныя абрывы. Танк. // Спыніць існаванне, страціўшы вільгаць (пра вадаёмы). Як высеклі лес, дык і раўчук высах. Чарнышэвіч. // Выпарыцца, знікнуць (пра ваду, вільгаць). Слёзы высахлі ў малой, Пачала смяяцца: — Раз не страшна ёй [вавёрцы] адной, Мне чаго баяцца!.. Муравейка.

2. Звяць, засохнуць (пра расліны). Дробныя ігліцы яловых лапак высахлі і асыпаліся, услаўшы дно [ш]алашоў тоўстым пухкім пластом. Колас.

3. перан. Схуднець. Да таго чалавек высах за лета, да таго аброс барадою, што сустрэнь яго хто ў лесе.., то мог бы памерці ад перапалоху. Кулакоўскі.

вы́сачаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад высачыць.

высачыня́, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і вышыня (у 1, 2, 4 і 6 знач.). Там, далёка ў высачыні, паслалася мяккая, цёмна-сіняя навісь неба. Галавач.

вы́сачыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

Знайсці, выявіць каго‑, што‑н. па якіх‑н. прыкметах. Высачыць злачынца па следу. □ Ваўкі высачылі каля крыніцы лася і пагналіся за ім. Краўчанка.

высачэ́зны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вельмі высокі. Высачэзны пад’ёмны кран з зашклёнай кабінай працягнуў рабрыстую стралу над будоўляй. Хадкевіч.

высачэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і высачэзны. Калі ўваходзілі ў пройму дзвярэй, то бачылі вакол высачэнныя сцены. Мележ.

вы́сватаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад высватаць.

вы́сватаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Паспяхова закончыць сватанне. [Матушка:] — Такую высватаю вам жонку, што цэлае жыццё дзякаваць будзеце. Колас.

высва́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да высватаць.