Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вызнача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да вызначыць.

вы́значыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Набыць выразны характар, стаць відным. На шэрым фоне ўваходу [у пячору] вызначылася нейкая вялікая цёмная маса, спынілася, быццам здзіўленая, — пачуўся грозны, хрыплы рык. Маўр. // Раскрыць свой змест, форму. Спецыфіка прадмета вызначылася не адразу. // Выразна акрэсліцца. У адным месцы абора разбэрсалася, анучы аб’ехалі ўніз і вызначылася форма нагі. Чорны.

2. Поўнасцю скласціся. Марцін адчуваў, што Ганнін лёс ужо вызначыўся, як мае быць. Чорны.

3. Вылучыцца з ліку іншых чым‑н. Вызначыцца сваёй храбрасцю. □ Гонар зрэзаць і звязаць апошні сноп дастаецца таму, хто вызначыўся на ўборцы. Хадановіч.

4. чым. Стаць знамянальным, паказальным дзякуючы чаму‑н. Наш век вызначыўся выкарыстаннем атамнай энергіі.

вы́значыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. і з дадан. сказам. Распазнаць, высветліць што‑н. невядомае, няяснае. Вызначыць прычыну. □ Вартавы драмаў, утуліўшы галаву ў калені, і вызначыць, хто ён — немец ці наш, было цяжка. Лупсякоў. // Разабрацца ў чым‑н., усвядоміць сабе. Вызначыць сваё становішча. // Дакладна ўстанавіць што‑н. Вызначыць цэны. Вызначыць адлегласць. □ [Ганна Аляксандраўна:] — Пакуль доктар не вызначыць хваробы, ён не пачынае лячыць. Ваданосаў. Маракі казалі, што па тым, як сядзяць чайкі, можна вызначыць напрамак ветру з дакладнасцю да градуса. М. Стральцоў.

2. Выявіць сутнасць, раскрыць змест чаго‑н.; ахарактарызаваць. Вызначыць творчы метад пісьменніка. Вызначыць прадмет палітэканоміі.

3. Загадзя прызначыць, назначыць. Штаб атрада не вызначыў ..[Міколу] на гэту аперацыю — у групу падбіраліся перш за ўсё тыя партызаны, якія добра ведалі мясцовасць. Якімовіч. // Намеціць наперад кірункі, шляхі развіцця. Любіў Міхаіл Іванавіч Брагінец у выхадны дзень прайсціся ў поле ці лес, пабыць адзін на адзін са сваімі думкамі і парамі, падагуліць зробленае, вызначыць далейшыя планы. Гурскі.

4. З’явіцца прычынай чаго‑н., абумовіць сабою што‑н. У гэты перыяд адбылася падзея, якая вызначыла мой далейшы жыццёвы шлях. Крапіва.

5. Абазначыць якім‑н. чынам. Вызначыць мяжу слупкамі. □ Доўга яны [жанчыны] вазіліся ля сукенкі, прымаючы ўсе магчымыя захады, каб як мага яскравей вызначыць талію. Корбан.

6. Выдзеліць, прызначыць што‑н. для каго‑, чаго‑н. Вызначыць сродкі на будаўніцтва. □ Крушынскі вызначыў для каваля кавалак зямлі. Бядуля.

7. Вынесці рашэнне, пастанову. Вызначыць меру пакарання.

вызначэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. вызначаць — вызначыць (у 1, 2, 3, 5, 6 і 7 знач.).

вы́зубіцца, ‑біцца; зак.

Стаць вызубленым; вышчарбіцца.

вы́зубіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

Нарабіць выемак, шчарбін на чым‑н.; вышчарбіць. Вызубіць сякеру. Вызубіць нажніцы.

вы́зублены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад вызубіць.

2. у знач. прым. З пашкоджаным лязом; вышчарблены.

вызу́блівацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да вызубіцца.

2. Зал. да вызубліваць.

вызу́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да вызубіць.

вы́зубраны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад вызубрыць.