Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напу́хлы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які напух, стаў успухлым. Напухлы палец.

напу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. напух, ‑ла; зак.

Стаць ненармальна пухлым, успухнуць. На пераносіцы між брывей у Марціна напух працяты маршчынай бугорчык. Мележ.

напха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца, стоўпіцца ўнутры чаго‑н.; набіцца. Цяпер я разумею: людзей, што напхаліся ў будыніну, мучыла ў тую мінуту гаркота і злосць на пакутлівую неўладкаванасць ночы. Мехаў.

2. Груб. Наесціся. Напхацца кашы. Напхацца бульбы.

напха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Запіхваючы ўнутр чаго‑н., напоўніць. Маці паклапацілася напхаць мяккі сяннік і прыгатаваць чыстую пасцель. Колас. Я хуценька адзеўся, пабег на гумнішча, напхаў поўны кошык смецця папалам з сенам. Ляўданскі. // чаго. Разм. Палажыць, пакласці ўнутр чаго‑н. нейкую колькасць чаго‑н. [Гаспадыня] дала Сашы клуначак з ежай, напхала сабе ў кішэні яшчэ нейкіх маленькіх пакункаў, бутэлечак. Шамякін. // перан.; каго. Разм. Сабраць у адным месцы, запоўніўшы яго да адказу. [Немцы] напхалі ў вагон сто пятнаццаць чалавек [вязняў]. Кухараў.

2. перан.; што. Груб. З’есці многа чаго‑н. Напхаць жывот бульбай.

напылі́ць, ‑пылю, ‑пыліш, ‑пыліць; зак.

Разм. Узняць пыл, нарабіць, напусціць пылу. Напыліць на дарозе. Напыліць у хаце.

напы́рскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

Пакрыць пырскамі паверхню чаго‑н. Напырскаць вады на падлогу.

напы́рскваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напырскаць.

напыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Распытваючы, знайсці патрэбную рэч, патрэбнага чалавека. Напытаць работу. □ Купіла хату.. [Годля] гады праз два пасля вайны, сама, казалі, напытала, сама старгавалася. Мележ. Па нядзелях.. [Раечка] хадзіла на Траецкі базар, мяняла свае залатыя кольцы ды браслеткі на муку і масла. Там яна напытала і акушэрку. Лобан.

напы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напытаць.

напытлява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., чаго.

Спытляваць нейкую колькасць (пра муку). Напытляваць мукі на пірагі.