на́сыпка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Ніжняя навалачка падушкі, якая напаўняецца пухам, пер’ем. [Іза] уткнулася тварам у падушку, сціснула зубамі навалачку разам з насыпкай і доўга ўсхліпвала. Пальчэўскі.
насы́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. насыпаць.
насыпны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які насыпаецца куды‑н. Насыпны грунт.
2. Утвораны шляхам насыпання. Замак быў пабудаваны на насыпной гары. «Беларусь».
насыса́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да нассацца.
2. Зал. да насысаць.
насыса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да нассаць.
насыхо́дзіцца, ‑дзіцца; зак.
Сысціся ў вялікай колькасці. У бакавым пакоі раённага Дома культуры было паўнютка людзей — гэта наз’язджаліся і насыходзіліся з усяго раёна сведкі. Сабаленка.
насы́ціцца, ‑сычуся, ‑сыцішся, ‑сыціцца; зак.
1. Наесціся ўволю, дасыта. [Дзямід:] — Алень паваліўся на зямлю, а рысь пачала кавалкамі рваць яго мяса, аж пакуль не насыцілася так, што і паварушыцца ёй цяжка было. В. Вольскі. // перан. Разм. Поўнасцю задаволіць свае патрэбы, жаданні і пад. Глядзіш і не можаш наглядзецца, не можаш насыціцца белай радасцю, што апанавала ўсё наваколле, што адна непадзельна ўладарыць зараз над прыродай. Кандрусевіч.
2. Прасякнуцца, набрыняць якім‑н. рэчывам; увабраць у сябе што‑н. у дастатку. Глеба насыцілася вадой.
насы́ціць, ‑сычу, ‑сыціш, ‑сыціць; зак., каго-што.
1. Накарміць уволю. Насыціў парсюкоў — карова ды цялушка з пашы бягуць. З качак вачэй не спускай, бо каршун ухапіць. Аношкін. // перан. Разм. Поўнасцю задаволіць (патрэбы, жаданні і пад.). Насыціць сваю цікаўнасць.
2. Прасякнуць, напоўніць што‑н. якім‑н. рэчывам у вялікай колькасці. Насыціць зямлю вадой. □ Нам паддадуцца снегавыя горы, Насыцяць рэкі цяжкім срэбрам хваль. Ліхадзіеўскі. // Спец. Дадаць да якога‑н. рэчыва гранічную колькасць якога‑н. іншага рэчыва, якое знаходзіцца ў раствораным або суспензаваным стане. Насыціць раствор солямі. // перан. Напоўніць, перапоўніць якімі‑н. ідэямі, пачуццямі і пад. Міровіч параіў Чароту насыціць п’есу камедыйнымі момантамі. Рамановіч.
насыча́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Прызначаны для насычэння чаго‑н. Насычальная маса.
насы́чанасць, ‑і, ж.
Стан насычанага (у 2, 3 знач.).