Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дазна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Закончыць значанне, мечанне чаго‑н.

дазо́р, ‑у, м.

1. Абход для агляду, разведкі. Камсамольская ячэйка дзве начы засаб хадзіла ў сакрэтныя дазоры, але нікога злавіць не ўдалося. Пальчэўскі.

2. Невялікая група людзей, караблёў, самалётаў, якая высылаецца для аховы і разведкі; патруль. Раптам наперадзе, дзе ішоў пярэдні дазор, прагучэла аўтаматная чарга і некалькі стрэлаў. Мележ. Трэба было дзейнічаць асцярожна, каб не натрапіць на варожы дазор або вартавых. Колас.

дазо́рац, ‑рца, м.

1. Служачы, які выконвае абавязкі па нагляду за чым‑н., ахове чаго‑н.; наглядчык. Бурчыць пад нос дазорац, як сам астрог, стары. Таўлай.

2. Той, хто знаходзіцца ў дазоры; разведчык. Дазорац, ужо заўважыўшы зарыва пажару і пабачыўшы лесніка, які бег да зямлянкі, адразу адчуў нешта нядобрае і надзвычайнае. Дубоўка. У акопчыках і ў кустах каля ракі паставілі дазорцаў. Грахоўскі.

дазо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дазору, прызначаны для дазору. Дазорная служба. Дазорная вышка. Дазорны атрад.

2. у знач. наз. дазо́рны, ‑ага, м. Тое, што і дазорац (у 2 знач.). Драмалі партызаны, то лежачы па адным, то па некалькі чалавек разам, а наперадзе бязгучна хадзілі ўздоўж рэчкі дазорныя. Галавач. Глядзі, дазорны, пільнымі вачыма, Даль аглядай трывожную як след. Зарыцкі.

даігра́цца,

гл. дайграцца.

даігра́ць,

гл. дайграць.

даі́грыванне,

гл. дайграванне.

даі́грывацца,

гл. дайгравацца.

даі́грываць,

гл. дайграваць.

даілга́цца,

гл. далгацца.