Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напру́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

1. Зрабіцца пругкім. Мускулы на твары Івана Іванавіча напружыліся, застылі. Гамолка.

2. Сабрацца з сілай, прыкласці намаганне, робячы што‑н. Вялізная рыбіна ўздрыгнула, напружылася і пацягнула за сабою лодку. Ваданосаў. Лейтэнант напружыўся, варухнуў нагамі і тут жа з глухім стогнам упаў на зямлю. Курто.

3. перан. Узмацніцца, павысіцца (аб ступені праяўлення чаго‑н.). Рукі мімаволі моцна сціснулі стрэльбу, слых напружыўся, а вочы да болю ўпіліся ў цемру. Ляўданскі.

напру́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

1. Зрабіць пругкім. Напружыць мускулы. □ Ціма напружыў цела, узмахнуў некалькі разоў рукамі, заграбаючы пад сябе ваду, і зноў пачаў апускацца, слабець. Пальчэўскі.

2. перан. Узмацніць, павысіць ступень праяўлення чаго‑н. (пра памяць, зрок, слых і г. д.). Мазанік напружыла ўсю сваю волю, усю вытрымку і ветліва ўсміхнулася салдату. Пятніцкі. Канстанцін Сяргеевіч напружыў зрок і пазнаў высокую постаць Жэні Коржаня і крыху ніжэйшую Цімы Дакутовіча. Трэцяга ён не ведаў. Шчарбатаў.

напрыбаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., чаго.

Прыбавіць, дадаць у вялікай колькасці да чаго‑н.

напрыбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Прыбіць у вялікай колькасці. Напрыбіваць планак.

напрыбяга́ць, ‑ае; безас. зак., каго.

Прыбегчы ў вялікай колькасці. Напрыбягала дзяцей.

напрывалака́цца, ‑аецца; безас. зак., каго.

Разм. Прывалачыся ў вялікай колькасці. Напрывалакалася незнаёмых людзей.

напрывалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

Разм. Прывалачы ў вялікай колькасці. Напрывалакаць бярвення.

напрыво́дзіць, ‑воджу, ‑водзіш, ‑водзіць; зак.

1. каго. Прывесці, даставіць у вялікай колькасці. Напрыводзіць гасцей.

2. чаго. Прывесці, паведаміць для падмацавання свайго меркавання значную колькасць чаго‑н. Напрыводзіць прыкладаў. Напрыводзіць цытат.

3. каго. Разм. Нарадзіць у вялікай колькасці (пра жывёл).

напрыво́зіць, ‑вожу, ‑возіш, ‑возіць; зак., каго-чаго.

Прывезці ў вялікай колькасці. [Рыгор:] — Нам усяго [дачка] напрывозіла: рабой паперы на сцены — аж дванаццаць трубак. А бабе — усяго. Лось.

напрывя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

Прывязаць у вялікай колькасці. Напрывязваць коней. Напрывязваць стужак.