напро́ці, прысл. і прыназ.
Разм. Тое, што і насупраць, насупроць. Давай далонь, сядай за стол напроці. Валасевіч. Вера сядзела напроці Максіма і не зводзіла з яго вачэй. Машара.
напро́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да напрасіцца.
напро́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да напрасіць.
напру́жанасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан напружанага. Напружанасць дзеяння. Напружанасць становішча. Сюжэтная напружанасць рамана. □ Людзі працавалі з выключнай напружанасцю — дзень і ноч. Шамякін.
напру́жанне, ‑я, н.
1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. напружыць, напружыцца.
2. Сканцэнтраванне намаганняў, затрата вялікай энергіі, сіл для ажыццяўлення чаго‑н. Рабіць без напружання. Нервовае напружанне. Творчае напружанне. □ Шкада было матораў.. машын, шкада было шафёраў, рукі якіх дранцвелі ад напружання. Кулакоўскі. Працоўнае напружанне на палях не спадае ні на адзін дзень. «Звязда». // Крайняя ступень працякання чаго‑н. Трымаць усіх у напружанні. Трывожнае напружанне. □ Відаць, сход дайшоў да самага высокага напружання. Дуброўскі.
3. Ненатуральнае становішча, нацягнутасць. Вострае напружанне міжнародных падзей.
4. Спец. Велічыня ціску або расцяжэння, якія ўзнікаюць у цвёрдым целе ў выніку знешняга ўздзеяння (сіл, тэмпературы і пад.).
5. Спец. Велічыня, якая характарызуе работу электрычных сіл пры перамяшчэнні электрычнага зараду. Электрычнае напружанне ў адзін вольт. Ток высокага напружання.
напру́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад напружыць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане напружання. Напружаныя мускулы. Напружанае цела.
3. у знач. прым. Які праходзіць з напружаннем, з затратай вялікіх сіл. Напружаная праца. Напружаная барацьба. □ Быў самы напружаны час веснавой сяўбы. Новікаў.
4. перан.; у знач. прым. Неаслабны, узмоцнены. Напружаная ўвага. Напружанае чаканне. Напружаная цішыня. □ Карызна слухаў даклад з глыбокай напружанай цікавасцю. Зарэцкі. // З павышанай ступенню ўспрымання. Напружаны слых. Напружанае ўгляданне.
5. перан.; у знач. прым. Нацягнуты, цяжкі, які патрабуе ўрэгулявання. Напружаныя адносіны. Напружаныя абставіны.
6. перан.; у знач. прым. Які выражае напружанне; ненатуральны. Апошнія словы Кандрат вымавіў напружаным шэптам. Паслядовіч.
напру́жванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. напружваць, напружвацца.
напру́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да напружыцца.
2. Зал. да напружваць.
напру́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да напружыць.
напру́жны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і напружаны (у 3–6 знач.). Напружнае змаганне. Напружнае чаканне. □ Размах будаўніцтва нязвыклы, Напружная праца штодзень... Глебка. Усе маўчалі, і ад гэтага рабілася напружнае, да немагчымасці нацягнутае становішча. Нікановіч. Хлопчык .. выглядаў напружным і ўрачыстым. Бядуля.