на́ціск, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. націскаць — націснуць (у 1 знач.).
2. Моцны напор. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог, — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. І непакорна Стаіць пад гулкім націскам вятроў. Кірэенка.
3. Рашучае, энергічнае дзеянне, імклівы папад на каго‑, што‑н. Перад будынкам суда.. сабраўся велізарны натоўп. Паліцэйскія ледзь стрымлівалі яго націск. Машара. Брыгада несла цяжкія страты пад націскам у дзесяць разоў мацнейшага праціўніка. Шамякін. // перан. Моцнае ўздзеянне на каго‑н. Над націскам аргументаў, якія прывёў падсудны Яўген Скурко, суд вымушаны быў апраўдаць яго. У. Калеснік.
4. Патаўшчэнне штрыха пры пісьме пяром. Пісаць з націскам.
5. Вылучэнне складу ў слове сілай голасу або павышэннем тону, а таксама значок над літарай, які паказвае яе вылучэнне. — Між іншым, — сказаў настаўнік, — мясцовыя людзі вымаўляюць назву нашага горада не «Лунінец», як гаворыце вы і наогул усе прыезджыя, а «Лунінец» з націскам на першым складзе. В. Вольскі. // Вылучэнне голасам слова ў размове для таго, каб падкрэсліць яго лагічную значнасць. Лагічны націск. □ [Кірыл:] — Цяпер я не злачынец, як мяне тут доўга лічылі. Цяпер я проста рабочы чалавек. Ён зрабіў націск на слове «рабочы». Кавалёў.
6. перан. Вылучэнне чаго‑н. у якасці асноўнага. [Дзімін:] — Нам на культуру і эканамічнасць вытворчасці націск рабіць ужо трэба... Карпаў. Ніхто не будзе распытваць, колькі там было таго зерня. Юхневіч згнаіў збожжа. Вось на чым зробяць націск, вось пра што будуць казаць. Савіцкі.
націска́льнасць, ‑і, ж.
Такое становішча складу або гука, калі на яго падае націск.
націска́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. націскаць — націснуць (у 1, 2 і 6 знач.).
націска́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да націскаць.
націска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да націснуць.
націскны́, ‑ая, ‑ое.
1. Спец. Які служыць для націскання. Націскны болт.
2. Які прыводзіцца ў дзеянне націсканнем. Міна націскнога дзеяння.
3. Такі, на які падае націск. Націскныя галосныя.
наці́снены, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і націснуты.
наці́снуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад націснуць.
наці́снуцца, ‑нецца; зак.
Сабрацца, збіцца дзе‑н. у якой‑н. колькасці. Націснулася народу ў клуб.
наці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. што, на што і без дап. Стварыць ціск, налегчы цяжарам. Недзе там далёка наверсе дзяжурны механік націснуў кнопку, і клетка нячутна паплыла ўгору. Кулакоўскі. [Раманенка] ціха, быццам крадучыся, націснуў на дзверы, і яны без скрыпу адчыніліся. Шамякін.
2. чаго. Выціскаючы, здабыць у якой‑н. колькасці. Націснуць соку з журавін.
3. на каго-што і без дап. Зрабіць націск (у 3 знач.). Націснуць на ворага з флангаў.
4. перан.; на каго-што і без дап. Прымусіць або схіліць каго‑н. да якога‑н. дзеяння. Націснуць на адміністрацыю. Націснуць на пастаўшчыкоў.
5. перан.; на што і без дап. Разм. Энергічна ўзяцца за што‑н. [Мельнік:] — Я б на тваім месцы, Коля, націснуў бы на вучобу! Карпюк.
6. на што і без дап. Вымаўляючы, зрабіць лагічны націск. — Ты гэта што? Смяяцца ўздумаў над начальствам? — закрычаў зноў старшыня і націснуў на слова «начальствам». Чарот. Стафанковіч.. сарваў з.. вешалкі нейкую старую вопратку і падаў Любе. — Каб дождж не прамачыў вашага дзіцяці (на слова «ваша» ён вельмі націснуў). Гэтая адзежына мне не патрэбна. Чорны.
7. што. Разм. Нацерці мазоль (мазалі).
•••
Націснуць на (усе) кнопкі (педалі) — выкарыстаць усе магчымасці для дасягнення чаго‑н.