нахво́снік, ‑а, м.
Частка вупражы — рэмень, які ідзе па спіне каня ад сядла або падсядзёлка і праходзіць пад хвастом.
нахво́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да нахвастаць.
нахі́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нахіліць — нахіляць і нахіліцца — нахіляцца.
2. Пастава цела пад вуглом паміж гарызантальнай і вертыкальнай плоскасцю; нахільная пастава. Па нахілу бяроз відаць, што над краінай ідзе бура — моцны ўсходні вецер. Клімковіч. // Спец. Востры вугал, які ўтвараецца якой‑н. плоскасцю з гарызонтам.
3. Схіл, спуск, пакатая паверхня. Асабліва было цяжка беднаму слану, бо для такой гары кожны нязначны нахіл многа значыць. Маўр. Нахіл быў круты, і прафесар бачыў з акна роўныя верхавіны нізкіх садовых дрэў і над імі, у канцы, рад высокіх ліп. Галавач. Машыну заправілі гаручым, шафёр паспрабаваў, як працуе дызель, і аўтамабіль пачаў павольна апускацца ўніз па нахілу канвеера. Пальчэўскі.
4. перан. Прыхільнасць, схільнасць, цяга да чаго‑н. Гэта быў чалавек больш спакойны і ўраўнаважаны, які, тым не менш, выяўляў пэўны нахіл да газетнай работы. Навуменка. [Бядуля:] — [Максім Багдановіч] першы напісаў аб маёй творчасці артыкул у «Нашай ніве», першым заўважыў мой нахіл у творчасці да народнай казачнасці. Хведаровіч. // Схільнасць да чаго‑н., наяўнасць якіх‑н. задаткаў. Нахіл да прастудных захворванняў.
нахі́ленасць, ‑і, ж.
Тое, што і нахіл (у 2, 3 знач.).
нахіле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нахіляць — нахіліць.
2. Тое, што і нахіл (у 4 знач.). Дзед меў да сецей нахіленне, А вудзіць — не: не меў цярпення. Колас.
нахі́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад нахіліць.
2. у знач. прым. Які адхіляецца ад вертыкальнага і гарызантальнага становішча. Нахіленая плоскасць. □ Неўзабаве з люка па нахіленай рашотцы на.. канвеер з грукатам пасыпаліся адліўкі. Карпаў.
нахілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.
Прыняць нахільнае становішча, пахіліцца набок; нагнуцца. Шулы ў варотах абселі і нахіліліся. Галавач. Дзяўчына раптам нахілілася да бацькі, узяла за руку і заглянула ў вочы. Шамякін. На пагорках і паўднёвых схілах пабялела жыта, нахілілася долу важкімі калоссямі. Асіпенка. // Прыгнуць, нагнуць верхнюю частку тулава ўперад. Камандзір ступіў да дзвярэй, нахіліўся і нырнуў у цемру. Новікаў. Бацюня нахіліўся над чалавекам, які стагнаў. Мележ.
нахілі́ць, ‑хілю, ‑хіліш, ‑хіліць; зак., што.
Надаць нахільнае становішча, пахіліць набок; нагнуць. Нахіліць слуп. Нахіліць вядро. Нахіліць галіны ўніз. □ Гулякоў скрыжаваў рукі на грудзях і нахіліў галаву. Кавалёў. Машыну падкінула і нахіліла набок. Новікаў.
нахі́льны, ‑ая, ‑ае.
Які адхіляецца ад вертыкальнага або гарызантальнага становішча. Нахільны пласт. Нахільная шахта.
нахіля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да нахіліцца.
2. Зал. да нахіляць.