Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нагадзі́цца, ‑гаджуся, ‑годзішся, ‑годзіцца; зак.

Разм. Трапіцца, выпадкова сустрэцца. Зноў пайшла [Юля] па лесе, цяпер яшчэ больш чуйна прыслухоўваючыся да цішыні. Падумала — калі нагодзяцца паліцаі, будзе ўцякаць. У лесе не зловяць... Сачанка. // Нечакана з’явіцца перад кім‑, чым‑н. Вось ён, Алесь, зноў насваволіў.. А маці нагадзілася з поля і сваёю суровай, моцнай рукой адлупцавала яго як след. Брыль.

нага́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.

Зак. да гадзіць (у 1, 3 знач.).

нагадо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да нагадаваць.

нага́ец,

гл. нагайцы.

нагайда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Уволю нагушкацца на арэлях.

нага́йка 1,

гл. нагайцы.

нага́йка 2, ‑і, ДМ ‑цы; Р мн. ‑гаек; ж.

Кароткі раменны плецены бізун. У запыленым паветры апісвалі кругі казацкія нагайкі. Гартны.

нагайса́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Тое, што і нагойсацца.

нага́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да нагайцаў. Нагайская арба. Нагайская мова.

нага́йцы, ‑аў; адз. нагаец, ‑гайца, м.; нагайка, ‑і, ДМ ‑гайцы; мн. нагайкі, ‑гаек; ж.

Народ, які жыве пераважна ў Стаўрапольскім краі і Дагестанскай АССР.

на́гала, прысл.

1. Не пакінуўшы валасоў. Галава была пастрыжана нагала, і без шапкі .. [Сева] стаў непадобны на сябе, ранейшага. Карпаў.

2. Выняўшы з ножнаў (пра шаблю, цясак). Трымаць шашкі нагала.