Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нава́ла, ‑ы, ж.

1. Нашэсце ворага; напад. Фашысцкая навала. □ Калі ж вораг ізноў Меч узніме на нас, — Зломім хутка мы злую навалу. Журба. // Войска, армія, якія нападаюць на каго‑н. Па ўсіх дарогах плыла на ўсход чорная навала. Кулакоўскі.

2. Бяда, няшчасце; непрыемнасці. Як страшэнную навалу ўспамінае Таня смерць старэйшага брата Лёнькі. Гроднеў. Хацелася ўцячы ад навалы, хацелася быць як далей ад агню і енкаў! Кавалёў. Па тону пытанняў ён пачуў, што на яго насоўваецца нейкая навала. Колас. / Аб з’явах прыроды. Недзе навала плыве дажджавая Мыць кіпарысы і клёны. Свірка. Але навалу хмар цяжкіх Стрымалі, выгнуўшыся, хвоі. Танк.

3. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н.; скопішча. І сёння помні, Мой горад, пра нялёгкае тады. За хлебам — чэргі. Бежанцаў навала. Лойка. Крыху пазней, калі адхлынула навала асноўнай работы, Сяльчонак засеў за вывучэнне становішча лугоў. Асіпенка. Над затуманенай навалаю гор у супакоеным вячэрнім небе ціха дагараў шырокі Мядзведжы хрыбет. Быкаў.

4. перан. Нешта цяжкае, непрыемнае, што павісае над чалавекам, чакае яго. Навала безвыходнасці. Навала тугі. Навала суму.

навалаадбо́йка, ‑і, ж.

Спец. Адбойка вугалю і навальванне яго на канвеер у забоі.

навалаадбо́йшчык, ‑а, м.

Горнарабочы, які займаецца навалаадбойкай.

навалака́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

Разм.

1. Незак. да навалачыся.

2. Зал. да навалакаць.

навалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да навалачы, навалачыць.

нава́лам, прысл.

1. Без парадку, кучай. У куце навалам ляжалі вінтоўкі. Новікаў. Узбоч дарогі, што аднекуль з-за пакрыўленых, замшэлых хмызоў падступала да аэрадрома, навалам ляжала вялікае каменне. М. Стральцоў.

2. Разм. Натоўпам, вялікай масай. [На левым флангу] былі лепшыя падыходы для немцаў, дык яны лезлі на партызанскія пазіцыі навалам. Кулакоўскі.

3. Разм. У вялікай колькасці. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка.

на́валач, ‑ы, ж.

Разм.

1. Хмары, туман, смуга. На момант святлее, а пасля навалач насоўваецца ізноў. Пестрак. Ноч пацямнела, у змрочнай навалачы зусім знік месяц. Быкаў.

2. Груб. Той, хто прыйшоў, з’явіўся аднекуль, не тутэйшы. — Нейкая навалач з усяго свету сядзіць у Наносах, як скула, і адважваецца папракаць яго, Сцяпана Івашкевіча! Чарнышэвіч.

3. зб. Пагард. Зброд, варожыя людзі. Фронт штодзённа патрабаваў як мага больш паравозаў, баявой тэхнікі для барацьбы з фашысцкай навалаччу. Сабаленка.

4. Тое, што і напасць. «І што гэта за навалач такая,.. — не гараць дровы, хоць ты трэсні». Сіпакоў. «Што за навалач?» Боль, уеўшыся ў спіну, дзіўным водгуллем чуўся то ў баку, то ў жываце. Вышынскі.

на́валачка,

гл. навалочка.

нава́лачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да навалкі, навальвання. Навалачны спосаб пагрузкі. // Які служыць для навалкі, навальвання. Навалачныя механізмы.

навалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; пр. навалок, ‑лакла, ‑ло; заг. навалачы; зак., чаго.

1. Прыцягнуць, прынесці за некалькі прыёмаў у значнай колькасці. Навалачы кучу галля. Навалачы ўсякага дабра. // каго. Неадабр. Прывесці, навесці ў вялікай колькасці куды‑н. [Маці:] — Навалакла сюды нейкіх поўную хату.. Раз сяброўкі, дык абавязкова прывесці жыць да бацькоў! Карпюк.

2. пераважна безас. Зацягнуць, закрыць. На неба хмар навалакло.