наязджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да наехаць.
2. Час ад часу прыязджаць. Старыя яшчэ і цяпер памятаюць, як [сын] часам улетку наязджаў у Гарнастаеўку. Сабаленка.
3. Рабіць наезды, нападаць. [Цімох Будзік:] — Узброеныя польскія шайкі наязджаюць з кулямётамі. Колас. [Карнікі] звычайна наязджалі і распраўляліся ў сёлах, дзе сустракалі сабатаж або сляды партызанскай дзейнасці. Скрыган.
ная́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Энергічна, з запалам іграць (на музычным інструменце) або з азартам, з асаблівай стараннасцю рабіць што‑н. На вуліцы гарманіст наярваў вальсы, «каробачкі», «расходжага». Каваль. На ніжэйшых палатках парылася двое. Адзін ляжаў спінаю ўгору; другі хвастаў яго распараным венікам. А той варочаўся пад венікам, як япрук, і ўсё камандаваў: — А та-та-та! Д-давай, давай, давай! Каля лапатак наярвай, кажу табе! Чорны.
наяршы́цца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
Абл. Стаць задзірлівым, раззлавацца; насупіцца. [Ніна:] — А памылкі ў кожнага бываюць. — Даміра наяршыўся. — Наконт памылак не вучы. Асіпенка.
ная́ўнасць, ‑і, н.
1. Прысутнасць, знаходжанне, існаванне. Нанач, як заўсёды, па ўсім астрозе прайшла праверка наяўнасці вязняў. Машара. Міхал прыняў змену. Агледзеў электроды, прыдзірліва праверыў наяўнасць шлаку ў печы. Карпаў.
2. Фактычная колькасць чаго‑н. у даны момант (пра грошы, тавары і пад.). Касавая наяўнасць.
ная́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які ёсць у наяўнасці. Маёру прыйшлося ўвесці ў бой усе наяўныя сілы палка. Гурскі. Клопікаў прычапіўся быў да кнігі, не сыходзілася наяўная колькасць хворых з запісамі па кнізе. Лынькоў. // у знач. наз. ная́ўныя, ‑ых. Грошы, якія ёсць у наяўнасці. Усе гарадскія гандляры расчынілі дзверы сваіх устаноў — калі ласка, бяры, як хочаш: наяўнымі, у крэдыт і нават дарма. Быкаў.
•••
Наяўны разлік гл. разлік.
на-гара́, прысл.
У шахцёраў — наверх, на паверхню зямлі. І скарб свой са штолень глыбокіх падаў Салігорск на-гара. Машара.