Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нашы́ўка, ‑і, ДМ ‑шыўцы; Р мн. ‑шырак; ж.

1. Кавалак тканіны, скуры і пад., нашытыя на што‑н. Шапка з чырвонай нашыўкай.

2. Знак адрознення вайсковых званняў. [Лявон] падбег да акна з двара і ўбачыў з другога боку стала паляка з афіцэрскімі нашыўкамі на зялёным салдацкім сурдуце. Чорны. // Ганаровы знак за раненне на фронце і звыштэрміновую службу ў арміі. [Васіль:] — Дзесяць медалёў мае [Іван Мікітавіч] ды яшчэ цэлую нашыўку за раны. Чыгрынаў.

нашыўны́, ‑ая, ‑ое.

Які нашываецца на што‑н. Калі .. [вайсковец] зняў шынель, дык Анатоль заўважыў на рукавах сляды ад нашыўных зорак. Асіпенка.

нашы́цца 1, ‑шыюся, ‑шыешся, ‑шыецца; зак.

Разм. Напрацавацца шыючы. Нашыцца за свой век.

нашы́цца 2, ‑шыецца; зак.

Разм. Набіцца куды‑н., сабрацца дзе‑н. у вялікай колькасці. Прыйшлі малодшыя хлопцы, сябры Міколы. Нашылася поўная кухня дзяцей... Брыль.

нашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак.

1. што. Прышыць на што‑н. [Наташа] пашыла на .. [сумку] чырвоны крыжык і паклала туды розныя лякарствы. Шчарбатаў.

2. чаго. Пашыць у якой‑н. колькасці. Багата важаць працадзень: Нашый сукенак яркіх, Бяры шаўкі, усе яны — Свае, айчыннай маркі. Лужанін.

нашэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. насіць (у 1, 2 і 4 знач.).

нашэ́птванне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нашэптваць.

2. Тое, што нашаптана; нашаптаныя словы. Слухаць нашэптванні.

нашэ́птвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Зал. да нашэптваць.

нашэ́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Гаварыць шэптам што‑н. Алесь бачыў, як у друга заварушыліся вусны і як ён сам сабе нашэптваў словы тае ж песні. Броўка. Іван Іванавіч яхідна ўсміхнуўся і, адвярнуўшыся, пачаў нешта нашэптваць на вуха суседу. Асіпенка.

2. перан. Нагаворваць на каго‑н., пляткарыць. Пісар каму трэба і не трэба нашэптвае, што ў вачах у настаўніка «рэвалюцыя гарыць». Навуменка. Цяпер доктар Салавейчык лічыць сябе чысценькім, а на Івана Іванавіча нашэптвае. Арабей.

3. У павер’ях — гаварыць замовы; чараваць. Нашэптваць на ваду.

нашэ́сце, ‑я, н.

Напад ворага, запаланенне ім чужой тэрыторыі; навала (у 1 знач.). Ужо нямнога засталося жахлівых слядоў варожага нашэсця. Шамякін. // перан. Разм. Нечаканы прыход, з’яўленне каго‑н. у вялікай колькасці. Ніколі раней гэты горад не бачыў такога нашэсця людзей з кнігамі, агульнымі сшыткамі пад пахай! Паслядовіч.

•••

Мамаева нашэсце — пра нечаканы прыход вялікай колькасці непажаданых людзей.

[Ад імя татарскага хана Мамая, які ў 14 ст, зрабіў спусташальнае нашэсце на Русь; быў пераможаны рускімі на чале з Дзмітрыем Данскім у Кулікоўскай бітве ў 1380 г.]

наэлектрызава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад наэлектрызаваць.