Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наштурхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Штурхаючы, прымусіць наткнуцца на каго‑, што‑н. Наштурхнуць чалавека на плот.

2. перан. Аказваючы ўздзеянне, накіраваць. Наштурхнуць на здагадку.

наштурхо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наштурхнуць.

нашука́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.

Разм. Патраціць шмат часу на пошукі каго‑, чаго‑н. Нашукацца дзяцей у лесе. Нашукацца патрэбных лекаў.

нашуме́лы, ‑ая, ‑ае.

Які нарабіў многа шуму. Нашумелая гісторыя.

нашуме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.

1. Нарабіць шуму. Ну і гора з гэтай Касяй! Нагаворыць за траіх, Нашуміць за семярых! Агняцвет. // Накрычаць на каго‑н., нагаварыць чаго‑н. рэзкім тонам. Пад канец нарады Ваўчок неяк паспакайнеў і абмяк — ці то стаміўся, ці адчуў, што залішне нашумеў. Хадкевіч.

2. перан. Прыцягнуць да сябе ўвагу, выклікаць многа размоў. Вось толькі ўчора скончыўся судовы працэс у Гдыні, які нашумеў на ўсю Польшчу. Карпюк.

нашушу́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Шушукаючыся, нагаварыцца ўволю, многа.

на́шча, прысл.

Не еўшы нічога. Прыемна піць раніцою малако нашча. Лынькоў.

нашча́дак, ‑дка, м.

1. Чалавек у адносінах да продкаў. Нашчадак старадаўняга роду. □ Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў. Барадулін.

2. толькі мн. (нашча́дкі, ‑аў). Людзі будучых пакаленняў. Нашчадкамі героі не забыты: На плошчах манументы ім стаяць. Жычка.

3. Разм. Сын, наследнік або наогул сваё дзіця. [Гукан:] — Ала?! Як вы там? Добра? Ведаеш што... Зрабі ты маме навагодні падарунак. Які? Бяры нашчадка, сядай у поезд — і да нас пад Новы год. Шамякін. Канечн[е], і дачка ў сям’і — добра, але ж сын — нашчадак, ён панясе прозвішча ў будучыню. Новікаў.

нашчапа́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад нашчапаць.

нашчапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Шчапаючы, нарыхтаваць у якой‑н. колькасці. Нашчапаць лучыны. Нашчапаць трэсак.