нашаты́р, ‑у, м.
1. Хлорысты амоній.
2. Тое, што і нашатырны спірт. Крыху павесялелая [Г]анна Ісакаўна зрабіла ўкол, дала панюхаць нашатыр. Шамякін.
[Араб. nusādir.]
нашаты́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да нашатыру.
•••
Нашатырны спірт гл. спірт.
нашвэ́ндацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Пашвэндацца доўга; набадзяцца. — Нікуды ён не пойдзе! Хопіць, нашвэндаўся! — ..адказваю я за Додзіка. — Няма яму часу бадзяцца! Мехаў.
нашклёны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад нашкліць.
нашклі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
Уставіць шкло ў рамы. У клубе, праўда, яшчэ і вокны не нашклілі, але дах ёсць і сцэна. Савіцкі.
нашко́дзіць, ‑шкоджу, ‑шкодзіш, ‑шкодзіць; зак., каму і без дап.
Нарабіць шкоды; натварыць чаго‑н. — Не мала [ваўкі] нашкодзілі людзям, пакуль галовамі не налажылі... Пальчэўскі. І хоць дождж быў дробны і рэдкі, аднак нашкодзіў нямала. Сіняўскі. Сядзеў .. [інжынер] згорбіўшыся, як хлапчук, што нашкодзіў і сам зразумеў сваю памылку. Асіпенка.
нашле́мнік, ‑а, м.
Грэбень, упрыгожанне наверсе шлема. Залаты нашлемнік.
нашлёпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Разм. Надаваць плескачоў, набіць. Раніцай Андрэй нашлёпаў Лёвачку, каб бальшун сам адзяваўся. Лобан.
нашлёпка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Разм. Тое, што прылеплена да чаго‑н. Пастукваючы пазногцем па важкіх сургучовых нашлёпках, [Берсан] накіраваўся ў свой кабінет. Мехаў.
нашлы́ндацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Пашлындаць доўга; набадзяцца.