начні́к, ‑а, м.
1. Няяркая лямпачка, якая запальваецца нанач. [Спадарожнік:] — Калі ласка, уключыце начнік, а гэту яркую лямпачку выключыце. Васілевіч.
2. Разм. Чалавек, які працуе ноччу або доўга не кладзецца спаць. І невядома, да чаго толькі б дадумаўся Аляксей, каб толькі не перашкодзіла яму машына, якая абагнала яго і спынілася. — Давай, начнік, падвязём, — пачуўся голас сакратара райкома Мікалая Васільевіча. Гаўрылкін.
начні́ца, ‑ы.
1. ж. Лятучая мыш. Устаюць начныя страхі, здані, І зыкі чуюцца.. Чараўніка і чараўніцы, І лопат крыллямі начніцы. Колас.
2. м. і ж. Разм. Той (тая), хто доўга яе кладзецца спаць, бадзяецца начамі. Па вуліцы прайшла начніца, Абцасам калючы асфальт, Бясследнай зданню прамільгнула. Матэвушаў.
3. ж. Абл. Начная зорка. Зара за ўзгоркамі начніцы замыкала і косы вешала на росныя гаі. Кляшторны.
начнічо́к, ‑чка, м.
Разм. Памянш.-ласк. да начнік (у 1 знач.).
начны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да ночы, уласцівы ёй. Даўно растаў у начным небе след апошняй ракеты, а людзі яшчэ і не думалі разыходзіцца. Гамолка.
2. Такі, які бывае ноччу. Праходжу моўчкі я начную плошчу, І ловяць сутарэнні гулкі крок. Панчанка. Павярнулася [Ларыса] і знікла за маліннікам у гушчыні цёмнага начнога саду. Мурашка. // Які адбываецца ноччу. Начны паход. Начная праца. □ Ішоў.. вялікі начны бой, біла артылерыя, гарэлі вёскі. Шамякін. // Які працуе, дзейнічае ноччу. Вінавата і разгублена спрабаваў апраўдвацца начны вартаўнік Уладзімір Вашэсцік: — Людцы добрыя, хіба ж за ўсімі дагледзіш?.. Шчарбатаў. Начным цягніком, як гэта часта бывала, Кузьма Гартун вяртаўся з дальніх калгасаў у МТС. Дуброўскі. // Які прызначаны для выкарыстання ноччу. Начная кашуля. □ [У бакавым пакойчыку] стаяў чыста прыбраны ложак, начны столік і два крэслы. Новікаў.
3. Такі, актыўнасць якога прыпадае на ноч (аб некаторых жывёлах, насякомых, раслінах). Начны матыль. Начная фіялка. □ Начная птушка абзывалася нясмела. Чорны.
начо́вачкі, ‑чак; адз. няма.
Памянш. да начоўкі.
начо́рна, прысл.
1. Разм. Тое, што і начарна.
2. У чорны колер. Алесь быў у вялізных ботах і палатняных портках, пафарбаваных начорна. Чорны.
начо́с, ‑у, м.
1. Спец. Доўгі ворс на тканінах і трыкатажных вырабах.
2. Разм. Валасы ў прычосцы, начасаныя на лоб, вушы, скроні. Ад ранейшага гарнітура астаўся адзін капялюш; як заўжды ссунуты на патыліцу, ён адкрываў шышкаваты лоб пад кароткім начосам чорнага густога чуба. Карамазаў. // Прычоска ў выглядзе пышна ўзбітых валасоў. Даўгалыгі юнак цягне ў ваду сваю сяброўку ў зграбным сінім купальніку, дзяўчына прытворна ўпіраецца, пры гэтым не забывае ўсё ж схаваць пад гумавай шапачкай дарагі пышны начос. Лось.
начо́сны, ‑ая, ‑ае.
Спец. З начосам (у 1 знач.). Тканіна з начосным ворсам.
начо́тніцтва, ‑а, н.
Веды, якія грунтуюцца на механічным, некрытычным засваенні прачытанага. Уся адукаванасць гэтых «набожных» людзей у лепшым выпадку заключалася ў начотніцтве, у вузкацаркоўнай кніжнасці. Алексютовіч. // Спосаб засваення, які звязаны з дагматычнымі адносінамі да прачытанага.
начо́тчык, ‑а, м.
Чалавек, які многа чытае, але павярхоўна, дагматычна засвойвае прачытанае. Сваю прамову .. [Сардэчны] гаварыў з пафасам, у кожным сказе ўжываў «пад лозунгам», «дагнаць і перагнаць», «інтэнсіўнасць працы», «героіка будняў» і іншыя слоўцы гаваруна-начотчыка. Барашка.