Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нача́льнік, ‑а, м.

Асоба, якая ўзначальвае што‑н., кіруе, загадвае чым‑н. Начальнік заставы .. поглядам ваеннага чалавека акінуў дзеда Талаша з галавы да ног. Колас. На голас афіцэра выскачыў з сянец дзяншчык, але начальнік махнуў яму рукой і той падаўся назад у хату. Лынькоў. Чырвоная шапка начальніка толькі мільгане на пероне, а потым і знікне за дзвярыма станцыі. Пестрак.

•••

Земскі начальнік — службовая асоба ў сельскай мясцовасці ў дарэвалюцыйнай Расіі.

нача́льнікаў, ‑ава.

Які належыць начальніку.

нача́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да начальнік.

нача́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да начальніка, належыць начальніку. Стаялі афіцэры, выцягнутыя ў струнку, чакалі начальніцкага загаду. Лынькоў. У той жа самы момант салдат.. раптам махнуў рукою і пабег у начальніцкі вагон. Чорны.

2. Поўны важнасці, строгасці; уладны. Сядзіць .. [Скок] з начальніцкім выглядам за перапэцканым у чарніла крываногім сталом і старанна хукае на пячатку, быццам яна замерзла. Сяркоў. Пан Крулеўскі гаварыў цяпер па-польску, і ў голасе чуўся халодны, .. начальніцкі тон. Колас.

нача́льнічак, ‑чка, м.

Разм. Памянш.-зніж. да начальнік. [Кныш] зашпіліў паліто, ляпнуў Федзю па плячы. — Вядзі, начальнічак. Нядзведскі.

нача́льства, ‑а, н.

1. зб. Начальнікі. Аднойчы ў другой палове дня ў вёску прымчалася поўная машына начальства. Федасеенка.

2. Разм. Начальнік. Дзяжурны рэгуліроўшчык, прыняўшы мяне за начальства, далажыў, што на пасту ўсё ў парадку. Сабаленка. Будзьце ласкавы, мілая, скажыце, хто тут у вас начальства і дзе яго знайсці? — пачціва звярнуўся да [маладой жанчыны] Пракоп. Колас.

нача́льстваванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. начальстваваць.

нача́льстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

Кіраваць кім‑, чым‑н.; быць начальнікам.

начапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., што.

1. Накінуўшы, замацаваць; павесіць, навесіць. Начапіць вяроўку на рогі. Начапіць ручнік на кручок. □ Аксён падымае біч, выходзіць на двор, каб начапіць на цапільна. Колас. [Дзед] хуценька павярнуўся тварам да будкі і дрыжачымі рукамі начапіў на дзверы замок. Галавач.

2. Разм. Надзець што‑н., прымацаваўшы, прывесіўшы да чаго‑н. Начапіць партупею. Начапіць наган на пояс. □ Бабка начапіла старыя акуляры з ніткамі замест аглобелек. С. Александровіч.

начапля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да начапляць.