высу́джвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да высуджваць.
высу́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да высудзіць.
вы́судзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
Разм. Дабіцца чаго‑н. судом.
вы́сунуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад высунуць.
вы́сунуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Паказацца адкуль‑н.; выставіцца. Высунуцца з вады. Высунуцца з акопа. □ Машына спынілася на скрыжаванні. Шафёр, малады хлопец, амаль юнак, высунуўся з кабіны. Шамякін. // Разм. неадабр. Недарэчы ўмяшацца ў што‑н., выступіць з чым‑н. Ніхто не прыдаваў тут сур’ёзнага значэння таму праекту, з якім .. [Лабановіч] так няўдала высунуўся. Колас.
2. Выйсці, выступіць наперад адкуль‑н. Калі наперад высунуўся Сцёпка, то ён стаў у баявую позу і прыняў вельмі грозны від. Колас. // Выдацца за мяжу чаго‑н. Губы былі да таго сціснуты, што падбародак высунуўся наперад. Бядуля. // Паказацца, з’явіцца. Уперадзе з-за гарызонта высунуўся даўжэзны горны хрыбет. Гамолка. // Разм. Павольна, не спяшаючыся выйсці адкуль‑н. [Маня:] — Куды вы, тата, сабраліся? — От куды-небудзь высунуся з хаты. Чорны.
вы́сунуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Выставіць вонкі, паказаць што‑н. Не выходзячы з сянец, Сцяпан высунуў у прачыненыя дзверы галаву і пачаў узірацца. Пальчэўскі. Я ціхенька выцягнуў і паклаў на калені стрэльбу, якую ўжо быў высунуў у «акенца». Ляўданскі.
2. Перамясціць на адкрытае месца. Казакі высунулі стол на пасяродак хаты і накрылі яго чорным сукном. Гарэцкі. // Выцягнуць, дастаць што‑н. знутры чаго‑н. Высунуць шуфляду са стала.
3. перан. Прапанаваць для абмеркавання; выставіць прапанову. Высунуць план, праект.
•••
Высунуць (выткнуць) нос — выйсці з дому, паказацца дзе‑н.
вы́сушаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад высушыць.
высу́шванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. высушваць.
высу́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да высушыцца.
2. Зал. да высушваць.
высу́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да высушыць.