высунуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Паказацца адкуль‑н.; выставіцца. Высунуцца з вады. Высунуцца з акопа. ▪ Машына спынілася на скрыжаванні. Шафёр, малады хлопец, амаль юнак, высунуўся з кабіны. Шамякін. // Разм. неадабр. Недарэчы ўмяшацца ў што‑н., выступіць з чым‑н. Ніхто не прыдаваў тут сур’ёзнага значэння таму праекту, з якім .. [Лабановіч] так няўдала высунуўся. Колас.

2. Выйсці, выступіць наперад адкуль‑н. Калі наперад высунуўся Сцёпка, то ён стаў у баявую позу і прыняў вельмі грозны від. Колас. // Выдацца за мяжу чаго‑н. Губы былі да таго сціснуты, што падбародак высунуўся наперад. Бядуля. // Паказацца, з’явіцца. Уперадзе з-за гарызонта высунуўся даўжэзны горны хрыбет. Гамолка. // Разм. Павольна, не спяшаючыся выйсці адкуль‑н. [Маня:] — Куды вы, тата, сабраліся? — От куды-небудзь высунуся з хаты. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)