Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нахлусі́ць, ‑хлушу, ‑хлусіш, ‑хлусіць; зак., што, чаго і без дап.

Нагаварыць няпраўды; налгаць. Бывала, хто.. [пану] што ні нахлусіць — ён з усім згаджаецца. Якімовіч. [Надзя:] «Прызнайцеся, Піліп Марцінавіч, што вы наконт Сярожавага вяселля выдумала. Гэта ж няпраўда?» — «Няпраўда, — кажу, — Надзейка. Гэта я нахлусіў. Куды ж яму жаніцца». Сіўцоў.

нахлы́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Імкліва, раптам набегчы, нацячы ў вялікай колькасці (пра вадкасць, туман і пад.). Як аказалася, з акіяна нахлынула раптам вялікая хваля і нечакана акаціла ўсіх адпачываючых халоднай вадой. Лынькоў.

2. перан. Раптоўна прыйсці, набегчы, з’явіцца ў вялікай колькасці. Неўзабаве перад тым днём, калі ўсе гады пачыналася вучоба, нахлынулі.. акупанты і занялі школу пад нейкі свой штаб. Кулакоўскі. За час гаворкі раз-пораз заглядалі рабочыя. Як толькі пайшоў дырэктар, яны адразу нахлынулі ў кабінет. Скрыган. // Нечакана наступіць, узнікнуць. Вяселле павінны былі гладзіць на Пятра, але тут якраз нахлынула вайна. Адамчык. А ў небе тым часам ужо дужаецца сонца з густой замессю хмар, і на зямлі то прамчыцца іх цень, то нахлыне спякота. Быкаў.

3. перан. Узнікнуць, з’явіцца (аб думках, пачуццях і пад.). Успаміны нахлынулі, завалодалі сэрцам. Гамолка. Назаўтра раніцай.. [Анэля] прачнулася з адчуваннем шчасця, якое нахлынула на яе, як хваля, і запаланіла ўсю істоту. Чарнышэвіч.

нахлябта́цца, ‑хлябчуся, ‑хлебчашся, ‑хлебчацца; зак.

1. Уволю пахлябтаць.

2. Груб. Напіцца гарэлкі, віна.

нахма́рвацца, ‑аецца.

Незак. да нахмарыцца.

нахма́рваць, ‑ае.

Незак. да нахмарыць.

нахма́рыцца, ‑рыцца; зак.

Пакрыцца, аблажыцца хмарамі (пра неба).

нахма́рыць, ‑рыць; безас. зак.

Стаць пахмурным; зацягнуцца хмарамі (пра неба). Пасля абеду нахмарыла. Неяк непрыкметна і хутка зацягнула неба высокая лёгкая воблачнасць. Шамякін.

нахму́ранасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан нахмуранага; хмурнасць. Нахмуранасць з твару камандзіра палка адразу зляцела. Алешка.

нахму́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад нахмурыць.

2. у знач. прым. Хмурны, пануры. Старшы дзедаў сын Максім, нахмураны і сур’ёзны, панура пацвердзіў Панасавы словы. Колас. Ішоў .. [Сідарчук] дахаты павольнаю хадою, выпрастаны, нахмураны, і ў душы нараджаліся суровыя думкі. Пестрак. // Які выражае суровасць, задуменнасць, заклапочанасць. Пакуль гарэла запалка, ... [Суздалеў] глядзеў на нахмураны жаночы твар. Чыгрынаў. З-пад нахмураных броў свяцілася хітраватая, добрая, цёплая ўсмешка. Бялевіч.

3. перан.; у знач. прым. Пахмурны, змрочны, цёмны (аб прадметах і з’явах прыроды). Нахмуранае неба. □ Лес стаяў спакойны і нахмураны. Якімовіч.

нахму́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да нахмурыцца.