Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нафтахімі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да нафтахіміі, звязаны з ёй. Нафтахімічнае прадпрыемства.

нафтахі́мія, ‑і, ж.

Спец. Галіна прамысловасці, якая займаецца хімічнай перапрацоўкай нафты і прыродных газаў.

нафто́л, ‑у, м.

Крышталічнае рэчыва, якое здабываюць з нафталіну і выкарыстоўваюць у вытворчасці фарбавальнікаў, у парфумерыі.

нафто́лавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны і да нафтолу, утрымлівае ў сабе нафтол. Нафтолавыя фарбавальнікі.

нафтэ́н, ‑у, м.

Вуглевадарод, які ўваходзіць у састаў нафты.

нафтэ́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да нафтэну, утрымлівае ў сабе нафтэн. Нафтэнавыя кіслоты.

наха́ба, ‑ы, м. і ж.

Разм. Нахабны чалавек, нахабная істота; назола. «Ну і задавака, ну і нахаба! — падзівіўся, зазлаваў Міканор. — Дзержыцца, як бы роўнага яму нікога няма, багацей паганы!..» Мележ.

наха́бнасць, ‑і, ж.

1. Бессаромная назойлівасць, бесцырымоннасць. Патржанецкі з цікавасцю аглядаў.. сухенькага, ужо старога чалавека, які, нягледзячы на старасць, трымаўся як малады, глядзеў у вочы без страху, але і без нахабнасці. Чарнышэвіч. — А вы не пашкадуеце потым, калі даведаецеся, аб чым ідзе гутарка? — з інтрыгуючай нахабнасцю, нібы пагражаючы, цягнуў далей незнаёмы. Машара.

2. Нахабны ўчынак. Сякерын, не пытаючы дазволу, бярэ дзяўчыну пад руку, а яна, як бы ў адказ на ягоную нахабнасць, левай рукой бярэ мяне пад руку. Сабаленка.

наха́бнік, ‑а, м.

Бессаромны, бесцырымонны чалавек. Дзяўчына адзявалася з густам, але не крыкліва, з хлопцамі трымала сябе сціпла, нахабнікаў ненавідзела. Бажко. / Пра жывёл, птушак, насякомых. Нахабнікі-вераб’і хутка заўважылі адсутнасць гаспадароў [у гняздзе] і занялі яго з крыкам і бойкай. Пальчэўскі.

наха́бніца, ‑ы, ж.

Жан. да нахабнік.