наўра́д, прысл.
Малаверагодна. [Салавей:] — Як, дзядзька Архіп, па зімніку яшчэ можна прайсці? — Конна наўрад. Грахоўскі. // (з часціцай «ці»). Ужываецца для выражэння сумнення ў верагоднасці сказанага. На карту Сюзана наўрад ці глядзела. Навуменка. Наўрад ці было.. [Крысціне] поўных васемнаццаць гадоў. Васілевіч.
наўскапыта́, прысл.
Абл. Наўскач. [Зыгмусь:] — Я — хоп за павады! Конь спужаўся, а я — скок на яго ды наўскапыта ў лес! Толькі і бачылі мяне! Колас. Рысак наўскапыта памчаўся па роснай лугавіне. Хомчанка.
наўскасы́, прысл.
Разм. Тое, што і наўскасяк (у 1 знач.). Вось маланка зігзагамі наўскасы прабегла па небе, і раскацісты грукат пракаціўся па небе. С. Александровіч. — Ты тычкі пусціў наўскасы, — гаворыць Яўхім, — дык з таго канца ні то што паўсажня, а на цэлую ляйчыну ты ў маё залез. Чорны.
наўскася́к, прысл. і прыназ.
1. прысл. У бок ад прамога, перпендыкулярнага напрамку, па дыяганалі. Дождж сячэ наўскасяк, вадзяныя пырскі залятаюць нават у касавую залу. Лупсякоў. [Вайтовіч] тупаў некаторы час па хаце наўскасяк — з кутка ў куток — разлікаў ногі. Пальчэўскі.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўскасяк» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет, пад вуглом да якога што‑н. размяшчаецца або рухаецца. Лінія лесу ішла наўскасяк дарогі. Чорны. Неўзабаве на канапе, на тумбачках з’явіліся вышытыя сурвэткі, наўскасяк стала лягла квяцістая дарожка. Шахавец.
наўска́ч, прысл.
Скачкамі, вельмі хутка. Коні рванулі ўперад і панеслі наўскач. Лынькоў.
наўскіда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. чаго. Ускінуць за некалькі прыёмаў наверх чаго‑н. у значнай колькасці.
2. каму, па чым. Разм. Пабіць, усыпаць. [Ладымер і Лявон] нават пасябравалі і збіраліся наўскідаць па карку Сташэвічам, але збаяліся. Чарнышэвіч.
наўскі́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Тое, што і наўскідаць (у 1 знач.).
наўско́с, прысл. і прыназ.
Тое, што і наўскасяк. Сонца схілілася к захаду і ўжо наўскос кідала праменні ў вокны. Пестрак. [Бесо] пачаў узнімацца ўгору, ідучы ў падножжы наўскос стромага спаду. Самуйлёнак.
наўсплыва́ць, ‑ае; зак.
Усплыць у вялікай колькасці.
наўсця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Усцягнуць за некалькі прыёмаў куды‑н. значную колькасць чаго‑н. Наўсцягваць жэрдак на гарышча.