Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наўко́с, прысл. і прыназ.

Разм. Тое, што і наўскасяк. Гаспадыня была ў чорным плацці; такая ж хустка наўкос закрывала лоб. Савіцкі. Наўкос усяго хвойніку рассцілаюцца па ўтульным моху зялёныя абрусы. Бядуля.

наўкру́г, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. Навокал, кругом. Мне здавалася тады, што гарэла ўсё наўкруг, гарэў увесь свет... Сачанка. Паглядзі, як прасторна наўкруг, Як прыціхлі палацы, касцёлы! Колас.

2. прысл. Не прама, а ў абход ці ў аб’езд; укругавую. Пажылыя з косамі, граблямі і харчамі ехалі на калёсах наўкруг за пятнаццаць вёрст, а моладзь ішла напрасткі цераз раку і балота. Чарнышэвіч.

3. прыназ. з Р. Вакол, кругом каго‑, чаго‑н. [Дрэвы] утваралі зялёную агаро[д]жу наўкруг усяго парку. Чарнышэвіч. Калі Варанецкі скончыў, Парамонаў устаў і захадзіў па пакоі наўкруг стала. Дуброўскі.

наўкру́га, прысл. і прыназ.

Разм. Тое, што і наўкруг. Здавалася, што можа на дваццаць вёрст наўкруга цяпер не было і жывой душы. Лобан. [Вартавы] абышоў наўкруга астравок, пільна ўслухоўваўся ў кожны гук, у кожны трэск лясной галінкі. Лынькоў. Наўкруга стала чалавек пяць вяло ажыўленую гутарку. Мурашка.

наўме́, прысл.

У галаве, у думках. Гэтыя словы бацька вымавіў у адзін дых — няйнакш, даўно насіў іх наўме і толькі чакаў зручнага выпадку, каб сказаць. Сачанка. У нас абодвух наўме адно войска, што ідзе па шашы. Сяркоў. // (з адмоўем «не»). Не да таго, не да гэтага. [Наталля:] Я і рада, што так выйшла. Не наўме цяпер вяселле. Крапіва.

наўмы́сля, прысл.

Тое, што і наўмысна. Ідзе Віктар наўмысля марудна, ледзь пераступаючы нагамі, каб як даўжэй працягнуць дарогу. Зарэцкі.

наўмы́сна, прысл.

З намерам, свядома. З гэтага дня я ўжо наўмысна пазбягаў сустрэчы з Аксеняй, бадай што ніколі не заходзіў на вячоркі. Лупсякоў.

наўмы́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць наўмыснага.

наўмы́сны, ‑ая, ‑ае.

Які робіцца з намерам, свядома. [Усця:] — А як там Антось на заводзе?.. — Вучыцца, — з наўмыснай абыякавасцю кіўнуў Васіль. Кулакоўскі. Янка Купала пазбегнуў у сваім перакладзе [«Слова аб палку Ігаравым»] наўмыснай стылізацыі пад старажытнасць. Палітыка.

наўпе́рад, прысл.

Абл. Спачатку, спярша, перш за ўсё. Бабка наўперад зірнула ў акенца. Колас. [Міканор:] — Аранне адложым пакуль! Землеўпарадкаванне наўперад правядзём! Мележ.

наўпро́ст, прысл.

Разм. Па прамой лініі, найкарацейшым шляхам; нацянькі. Шчыльней захінуўшыся плашчом, Буевіч збег з ганка і наўпрост цераз сад падаўся да калгаснай канторы. Шашкоў. — Хатка адсюль недалёка, — сказаў.. [ляснік], — з паўкіламетра, не болей, калі ісці наўпрост па балоту. В. Вольскі.