надрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што і без дап.
1. Узнавіць тэкст, лічбы, малюнкі і пад. друкарскім спосабам. Надрукаваць загаловак у газеце вялікімі літарамі. // Напісаць або перапісаць што‑н. на пішучай машынцы. Надрукаваць даведку. Надрукаваць рукапіс.
2. Змясціць у друку; выдаць. Сёлета Толя скончыў трэці курс літаратурнага аддзялення універсітэта.. Адзін яго нарыс днямі надрукавала абласная газета. Брыль. Рыгор памятае, як радаваўся ён, калі надрукаваў у часопісе невялічкі раздзел са сваёй дысертацыі. Арабей.
3. Аддрукаваць усё або частку чаго‑н. Надрукаваць збор твораў пісьменніка. Надрукаваць 10 старонак рукапісу.
надрыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падрываць — надарваць.
надрыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да надарвацца (у 1 знач.).
2. перан. Рабіць што‑н. праз меру; старацца з усіх сіл. На рабоце.. [Антон] не надрываўся, са станцыі прыходзіў рана. Ракітны. // Крычаць з усіх сіл. Ля тэлефоннага апарата надрываўся карэктар. Мехаў. // Гучаць з вялікай сілай. Над гарадком гула, надрывалася сірэна супроцьпаветранай трывогі. Лынькоў.
3. Зал. да надрываць.
надрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да надарваць.
•••
Надрываць горла (глотку) — тое, што і драць горла (гл. драць).
надры́вісты, ‑ая, ‑ае.
Рэзкі, сутаргавы, з надрывам (у 3 знач.); прарэзлівы. Надрывісты кашаль. Надрывісты крык. □ — Іван, Іван!.. — аднекуль знізу, са снежнай замеці, пачуўся надрывісты дзявочы голас. Мыслівец.
надрыжа́цца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; ‑жымся, ‑жыцеся; зак.
Разм. Многа, доўга падрыжаць. Надрыжацца са страху. □ [Ганна:] — Хіба вы раніцай не абліваецеся сцюдзёнай вадой? — А мне, дзякуй богу, і без гэтага досыць і вады, і холаду. Надрыжаўся. Новікаў.
надры́ў, ‑рыву, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. надарваць (у 1 знач.).
2. Надарванае месца. Надрыў на мяшку.
3. перан. Празмернае фізічнае напружанне. Ганяў за двое ці больш узбоч шашы прыглушана і з надрывам узвываў грузавік. Гроднеў.
4. перан. Узбуджанасць, хваравітасць у праяўленні сваіх пачуццяў. — Даруй, Настуля, — ціха, з балючым надрывам у голасе, сказаў [Грысь]. Кулакоўскі.
надры́ўны, ‑ая, ‑ае.
Рэзкі, хваравіта напружаны, з надрывам (у 3 знач.). Надрыўны плач. □ Лясы шумелі на трывогу, І голас іх надрыўны быў. Глебка. Недзе ў канцы вагона надрыўным басам закрычаў чалавек. Асіпенка.
надрэ́берны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які знаходзіцца, размешчаны над рэбрамі, вышэй рэбраў. Надрэберныя мышцы.
надрэ́з, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. надрэзаць.
2. Надрэзанае месца. Хірург робіць асцярожна надрэз, расшыраючы рану. «Звязда». Хлопчык паказаў дзеду на шматлікія надрэзы, што віднеліся на многіх дрэвах. Даніленка.