наўгру́нь, прысл.
Абл. Бягом; угрунь. Мы хутчэй уціснулі вазы і амаль наўгрунь пагналі коней, каб не даць набракнуць таму, што схапілі сухім. Ермаловіч.
наўдалу́ю, прысл.
Вельмі смела, безразважна; як удасца.
наўда́чу, прысл.
У надзеі на зручны выпадак; як удасца. Страляць наўдачу.
наўза́хапкі, прысл.
Разм.
1. Стараючыся зрабіць што‑н. першым, пераганяючы адзін аднаго ў чым‑н.; наперабой. Да груш было яшчэ з кіламетр, а мы, сарваўшыся з месца, як спуджаныя вераб’і, пускаліся навыперадкі і наўзахапкі падбіралі смачныя паданкі, разграбаючы апалае лісце. Ракітны.
2. Перабіваючы, перарываючы адзін аднаго. Хлапчукі нешта наўзахапкі расказвалі адзін аднаму. Сачанка.
наўза́хваткі, прысл.
Разм.
1. Наперагонкі.
2. Тое, што і наўзахапкі (у 1 знач.).
наўзбо́ч, прысл. і прыназ.
Разм.
1. прысл. На нейкай адлегласці, асобна ад чаго‑н. Трашчыць касцёр, і бульба варыцца, Табун стрыножаны — наўзбоч. Сербантовіч.
2. прыназ. з Р. Збоку ад чаго‑н. Наўзбоч гаю дзве бярозы ды з дубочкам маладым абняліся так прыгожа на ўзгорачку крутым. Машара.
наўзвалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Узвалачы, усцягнуць куды‑н. вялікую колькасць чаго‑н. Наўзвалакаць сена на вышкі.
наўзвала́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Тое, што і наўзвалакаць.
наўздага́д, прысл.
Разм. Наўгад, як выйдзе. З гасцінца [разведчыкі] паехалі ўніз, у даліну, больш вобмацкам ды наўздагад, бо не відаць было нават конскіх вушэй. Брыль. Стралялі .. [гітлераўцы] наўздагад, і снарады звычайна рабілі пералёт, але некалькі са скрыгатам лягло на высеку і каля насыпу. Мележ.
наўздаго́н, прысл. і прыназ.
1. прысл. Услед за тым, хто (што) аддаляецца, адыходзіць. Апошні вагон вухнуў ветрам у твар Андрэю і ўцёк наўздагон. Пестрак. Бяжыш ты насустрач кулям з страшэнным бязгучным крыкам І тупат пяхотных дывізій спяшыць за табой наўздагон. Панчанка.
2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўздагон» вырашае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, якія аддаляюцца і ўслед за якімі хто‑, што‑н. пасылаецца. Генадзь падняўся і шпарка пашыбаваў прэч. — Куды ж ты? — кідае наўздагон яму Мікола. Васілёнак. Косця выскачыў на ганак і доўга глядзеў .. [Наташы] наўздагон, аж пакуль яна не схавалася за хатамі. Шамякін.