насыхо́дзіцца, ‑дзіцца; зак.
Сысціся ў вялікай колькасці. У бакавым пакоі раённага Дома культуры было паўнютка людзей — гэта наз’язджаліся і насыходзіліся з усяго раёна сведкі. Сабаленка.
насы́ціцца, ‑сычуся, ‑сыцішся, ‑сыціцца; зак.
1. Наесціся ўволю, дасыта. [Дзямід:] — Алень паваліўся на зямлю, а рысь пачала кавалкамі рваць яго мяса, аж пакуль не насыцілася так, што і паварушыцца ёй цяжка было. В. Вольскі. // перан. Разм. Поўнасцю задаволіць свае патрэбы, жаданні і пад. Глядзіш і не можаш наглядзецца, не можаш насыціцца белай радасцю, што апанавала ўсё наваколле, што адна непадзельна ўладарыць зараз над прыродай. Кандрусевіч.
2. Прасякнуцца, набрыняць якім‑н. рэчывам; увабраць у сябе што‑н. у дастатку. Глеба насыцілася вадой.
насы́ціць, ‑сычу, ‑сыціш, ‑сыціць; зак., каго-што.
1. Накарміць уволю. Насыціў парсюкоў — карова ды цялушка з пашы бягуць. З качак вачэй не спускай, бо каршун ухапіць. Аношкін. // перан. Разм. Поўнасцю задаволіць (патрэбы, жаданні і пад.). Насыціць сваю цікаўнасць.
2. Прасякнуць, напоўніць што‑н. якім‑н. рэчывам у вялікай колькасці. Насыціць зямлю вадой. □ Нам паддадуцца снегавыя горы, Насыцяць рэкі цяжкім срэбрам хваль. Ліхадзіеўскі. // Спец. Дадаць да якога‑н. рэчыва гранічную колькасць якога‑н. іншага рэчыва, якое знаходзіцца ў раствораным або суспензаваным стане. Насыціць раствор солямі. // перан. Напоўніць, перапоўніць якімі‑н. ідэямі, пачуццямі і пад. Міровіч параіў Чароту насыціць п’есу камедыйнымі момантамі. Рамановіч.
насыча́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Прызначаны для насычэння чаго‑н. Насычальная маса.
насы́чанасць, ‑і, ж.
Стан насычанага (у 2, 3 знач.).
насы́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад насыціць.
2. у знач. прым. Спец. Які змяшчае ў сабе гранічную колькасць якога‑н. рэчыва. Насычаны раствор.
3. перан.; у знач. прым. Змястоўны, багаты чым‑н. Алегорыі астатніх коласаўскіх баек таксама насычаны канкрэтным жыццёвым зместам. Казека.
насыча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да насыціцца.
2. Зал. да насычаць.
насыча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да насыціць.
насычэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. насычаць — насыціць і насычацца — насыціцца.