насыла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да наслаць 1.
на́сып, ‑у, м.
1. Узвышэнне, зробленае шляхам насыпкі зямлі, грунту і пад. На некаторых магілах пачала прабівацца трава, на ёй блішчалі скупыя кроплі расы, а большасць насыпаў яшчэ жаўцела зверху глыбінныж жвірам. Кулакоўскі. Дарожны насып з двух канцоў моста быў вельмі высокі. Ставер.
2. у знач. прысл. на́сыпам. Спец. У рассыпаным стане (пра спосаб захавання і перавозкі). Дробныя радыёдэталі ўпакоўваюць насыпам.
насыпа́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. насыпаць — насыпаць.
насы́паны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад насыпаць.
насы́пацца, ‑плецца; зак.
1. Сыплючыся, папасці куды‑н. [Туравец] атрос пясок, які насыпаўся за каўнер.. Было так ціха, што ламала скроні. Мележ.
2. Асыпаючыся, пакрыць паверхню чаго‑н. Насыпалася лісця на дол.
насыпа́цца, ‑а́ецца; незак.
1. Незак. да насыпацца.
2. Зал. да насы́паць.
насы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., што і чаго.
1. Сыплючы, пакрыць паверхню чаго‑н., высыпаць на што‑н.; нацерушыць, рассыпаць. Насыпаць пяску на сцежку. □ Кася ставіла пусты саган на падлогу, на ражок ручніка насыпала солі. Арабей. У паветры мітусілася [машкара]; яе тут, як хто насыпаў, не дыхнуць. Пташнікаў. // Тое ж, але ў нейкай колькасці. [Снег] ападаў на зямлю белай і пухкай коўдрай, дзе-нідзе між кустоў насыпаў гурбы. Гроднеў.
2. Напоўніць што‑н. чым‑н. сыпкім. Насыпаць мяхі жытам. □ Насыпаў дзед поўныя засекі збожжа. Якімовіч. // Усыпаць якую‑н. колькасць. Насыпаць аўса коням.
3. Зрабіць, пабудаваць насып з якога‑н. сыпкага матэрыялу. Насыпаць плаціну. Насыпаць прызбу. □ Каля дашчанай заставы насыпалі хлопцы курганок зямлі. Колас.
•••
Насыпаць солі на хвост — зрабіць непрыемнасць, моцна дапячы каму‑н.
Цераз верх насыпаць — тое, што і цераз верх валіць (гл. наліць).
насыпа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑ае.
Незак. да насы́паць.
на́сыпка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Ніжняя навалачка падушкі, якая напаўняецца пухам, пер’ем. [Іза] уткнулася тварам у падушку, сціснула зубамі навалачку разам з насыпкай і доўга ўсхліпвала. Пальчэўскі.
насы́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. насыпаць.
насыпны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які насыпаецца куды‑н. Насыпны грунт.
2. Утвораны шляхам насыпання. Замак быў пабудаваны на насыпной гары. «Беларусь».
насыса́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да нассацца.
2. Зал. да насысаць.
насыса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да нассаць.