Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

навя́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., чаго.

Прыгатаваць шляхам вялення ў нейкай колькасці. Навяліць рыбы.

навя́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да навяліць.

навярбо́ваны,

гл. навербаваны.

навярбо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да навербаваць.

навярзці́ і наве́рзці, ‑вярзу, ‑вярзеш, ‑вярзе; ‑вярзём, ‑верзяце; пр. навёрз, ‑вярзла і ‑верзла, ‑вярзло і ‑верзла; зак., чаго.

Разм. Нагаварыць недарэчнасцей, бязглуздзіцы, лухты.

навярну́цца, ‑вернецца; зак.

Выступіць на вачах (пра слёзы). У дзяўчыны сціснулася сэрца, навярнуліся буйныя слёзы. Гурскі.

навярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. каго-што чым. Палажыць што‑н. цяжкае паверх чаго‑н. Навярнуць камень на дошкі. Навярнуць ламачча бервяном.

2. чаго. Налажыць, накідаць многа чаго‑н.; наваліць. Навярнуць гару камення. □ Здорава фрыцы партызан баяліся — зямлі болей як у два метры навярнулі [да сцяны хаты]. Савіцкі.

3. пераважна безас. чаго. Намесці, нагнаць у вялікай колькасці. За ноч навярнула гурбы снегу.

4. што. Нахіліць, схіліць у які‑н. бок. Навярнуць слупы.

5. перан.; каго на што. Разм. Прыахвоціць да чаго‑н. Навярнуць на рыбалоўства.

6. чаго і без дап. Разм. Нагаварыць на каго‑н. няпраўды; наплесці. [Матка:] — Навярнуў [нехта] такога, што страх слухаць! На хлопца, які век птушаняці не зачапіў! Мележ.

навярста́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Спец. Шляхам вёрсткі зрабіць у нейкай колькасці.

навярста́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Тое, што і нагнаць (у 2–4 знач.). Навярстаць упушчанае. □ Празяваеш.. [летні дзень] — зімою месяцам не навярстаеш. Лобан.

навярце́цца, ‑верціцца; зак.

Тое, што і навярнуцца (у 1 знач.). Сядзіць [Піліпка] ля стала, нібы ў акно глядзіць, .. а ў самога слёзы на вачах навярцеліся і дрыжыць ніжняя губа. Крапіва.

навярэ́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад навярэдзіць.