насто́льнік, ‑а, м.
Кавалак спецыяльна апрацаванай тканіны, якой засцілаюць стол; абрус. Заслаць на стол настольнік. Накрыць хлеб рогам настольніка. □ — Папалуднуйце, — парушыла цішыню Таццяна і стала засцілаць настольнік. Колас.
насто́льніца, ‑ы, ж.
Абл. Настольнік. У палатцы — досыць прасторнай — стаяў невялікі стол, збіты з дошчак і накрыты белаю настольніцай. Якімовіч.
насто́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны для стала, прыстасаваны для таго, каб быць на стале. Настольны гадзіннік. Настольнае шкло. Настольныя гульні. □ Настольная лямпа пад блакітным абажурам асвяціла пакойчык. Хадкевіч.
2. перан. Які заўсёды патрэбны, а таму знаходзіцца побач, пад рукамі (пра кнігі, дапаможнікі). Настольнай кнігаю гімназіста [М. Багдановіча] становіцца і слоўнік Насовіча. Лойка.
насто́рч, прысл.
Разм. Старчма. [Самахвал] паставіў насторч свой кузаў і намагаўся выкінуць цэментную рошчыну, што прыліпла да дна. Ваданосаў.
насто́яцца, ‑стоіцца; зак.
Утварыць настой, настойку. Вішні настояліся. □ Гаспадар паставіў на стол чайнік, а каб чай лепей настояўся, пакрыў чайнік старым адвакацкім капелюшом. Колас.
насто́яць 1, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., што і чаго.
Зрабіць настойку або настой. Настояць чай. Настояць вішні. Настояць ягад на спірце.
насто́яць 2, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., на чым і без дап.
Тое, што і настаяць 1. Як бы ні пярэчылі ў «Новым свеце», а аб’яднацца са старыцкім калгасам усё роўна давядзецца, настояць на гэтым — ясна. Хадкевіч. У Пасадцы былі свае добрыя краўцы, але Самуіл настояў везці шыць гарнітур няйначай, як у Даўгінава. С. Александровіч.
насто́яць 3, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., што і чаго.
Разм. Тое, што і настаяць 2. [Юрка:] — То які, пане Халуста, гной улетку! У лесе ён увесь і астаецца. А свае ў мяне колькі тае худобы! Ці многа яна настоіць за зіму... Чарнышэвіч.
настраёвасць, ‑і, ж.
Кніжн. Пэўная накіраванасць думак, пачуццяў, душэўны стан; настрой. У адпаведнасці з.. асноўнай настраёвасцю паэта рытм яго верша шырокі і паўпаводны, фарбы светлыя і ясныя. Глебка. Найбольш падабаліся хлопчыку жніўныя песні, у якіх было нейкае асаблівае прывабнае хараство і настраёвасць. С. Александровіч.
настраля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Разм. Пастраляць многа, уволю. [Ціхон:] — Настраляўся я, брат, за свой век. А тут ніяк не мог узняць стрэльбы. Паслядовіч.
настраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-чаго.
Застрэліць, забіць у якой‑н. колькасці. [Ляснік:] — Наедуць сюды [паны] цэлай ардой, і пачнецца! Не столькі [дзічыны] настраляюць, колькі напалохаюць... Чарнышэвіч.
настра́мак, ‑мка, м.
Абл.
1. Пярэбірак сена, саломы і пад. Памацаў [Васіль Кузьміч], як падсохла трава, узяў.. граблі, напластаваў і палажыў пару настрамкаў у капу. Пальчэўскі.
2. Невялікі воз сена, саломы і пад. Прышлося па тры настрамкі сырой травы на кожнага касца. Крапіва.