Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

выпускні́к, ‑а, м.

Той, хто канчае навучальную ўстанову, навучэнец апошняга класа, курса. Надыходзілі экзамены. Выпускнікі [школы] услых марылі аб будучым, сачылі за аб’явамі ў газетах, выбіралі навучальныя ўстановы. Чарнышэвіч.

выпускні́ца, ‑ы, ж.

Жан. да выпускнік.

выпускны́, ‑ая, ‑ое.

1. Прызначаны для выйсця, выхаду. Выпускны клапан. Выпускная труба.

2. Які мае адносіны да выпуску з навучальных устаноў. Выпускны клас, экзамен. Выпускны вечар.

вы́пустак, ‑тка, м.

Разм. Аднагадовае цяля. Мае выпусткі-цялушкі, Як дзяўчаткі-весялушкі, А малыя бычаняты — Нібы тыя хлапчаняты. Крапіва.

вы́пусташанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць выпусташанага.

вы́пусташаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выпусташыць.

вы́пусташыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.

1. Разм. Зрабіць пустым; апаражніць. Выпусташыць торбу сухароў.

2. перан. Пазбавіць маральнай, творчай сілы.

3. перан. Пазбавіць жывога зместу, галоўнага, самага істотнага (у вучэнні, тэорыі і пад.). Выпусташыць ідэю.

выпусто́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выпусташыць.

вы́пусціць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Адпусціць на волю, вызваліць. Выпусціць птушку з клеткі. □ [Параска] не адважвалася сказаць страшную праўду: Панаса выпусцяць тады, калі да.. [палякаў] прыйдзе бацька. Колас.

2. Дазволіць, даць магчымасць выйсці адкуль‑н., пусціць куды‑н. Выпусціць карабель з гавані. Выпусціць танцораў на сцэну. Жывёлу выпусцілі на вадапой. // Даць магчымасць выцечы, выйсці, распаўсюдзіцца. Выпусціць ваду з бочкі. Выпусціць цяпло з хаты. □ Тым часам падышоў цягнік. Выпусціў белыя клубы пары і зноў зачыхкаў, набіраючы хуткасць. Гроднеў.

3. Расходаваць у працэсе стральбы; выстраліць. Выпусціць дзве міны. □ Немец трымаў парабелум апушчаныя, а таму стары не спяшаўся, упэўнены, што раней, чым той падыме і накіруе на іх парабелум, ён зможа выпусціць увесь барабан. Шамякін.

4. Перастаць трымаць; упусціць. Выпусціць талерку з рук. □ Сёмка выпусціў Зосіну руку і адступіў крок назад. Гартны.

5. Даць поўную, закончаную адукацыю, давесці да канца навучанне. Выпусціць з інстытута датэрмінова. □ [Вера:] — Мне толькі дваццаць тры гады, а колькі я ўжо дзяцей выпусціла са сваёй школы! Чорны.

6. Вырабіць, выпрацаваць. Выпусціць прадукцыю звыш плана. □ Спачатку вырваўся гудок, Завода слаўнага басок: — Я выпусціў аўтамабіль На многа тон, на многа міль. Лужанін. // Выдаць, надрукаваць. Выпусціць кнігу, лістоўку, насценгазету. // Пусціць у абарачэнне. Выпусціць марку. Выпусціць пазыку.

7. Высунуць вонкі, на паверхню. Выпусціць кіпцюры.

8. Павялічыць у даўжыню, шырыню. Выпусціць рукавы.

9. Абл. Здаць у наймы. Тады Бухча выпусціў вясковую бацькоўскую хату і зямельную дзялянку ў арэнду. Чорны.

•••

Выпусціць з-пад увагі — забыць пра што‑н.

Выпусціць з рук — упусціць, не выкарыстаць у сваіх мэтах.

Выпусціць кішкі (груб.) — зарэзаць.

Выпусціць лейцы з рук — аслабіць сілу ўлады над кім‑н.

вы́пучаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выпучыць.